Біскуп Паола Марцінэлі, Апостальскі вікарый Аб'яднаных Арабскіх Эміратаў, Амана і Емена Біскуп Паола Марцінэлі, Апостальскі вікарый Аб'яднаных Арабскіх Эміратаў, Амана і Емена   (@VaticanNews)

Біскуп Марцінэлі: пазбегнуць эскалацыі з катастрафічнымі наступствамі

Апостальскі вікарый Паўднёвай Аравіі ўдзячны Папу за словы, сказаныя адносна сітуацыі на Блізкім Усходзе падчас нядзельнай малітвы “Анёл Панскі”. На яго думку, ключавым у гэтым пасланні з’яўляецца заклік да дыялогу і дыпламатыі на карысць народаў.

Марыя Валодзіна - Vatican News

Біскуп Паола Марцінэлі падкрэсліў, што садзейнічанне агульнаму дабру – гэта аспект, які “ніколі не павінен губляцца з поля зроку ўсімі бакамі канфлікту”. Гаворка, адзначыў ён, ідзе пра простых людзей з іх штодзённымі праблемамі, такімі як школа, праца, здароўе, хваробы. “Людзі маюць патрэбу ў міры, у спакойных адносінах і, як сказаў Леў XIV, у мірным суіснаванні, заснаваным на справядлівасці. Гэта святыя словы, якія выклікаюць у мяне глыбокую ўдзячнасць”, - адзначыў іерарх.

Заклік да адказнага дыялогу

Біскуп Марцінэлі падкрэсліў неабходнасць “сапраўднага і адказнага дыялогу”. На яго думку, узаемныя пагрозы сеюць разбурэнне і не спрыяюць ні міру, ні стабільнасці. Асобна ён адзначыў ролю дыпламатыі: яна павінна зноў заняць сваё месца. Нельга выпускаць з-пад увагі гэты асноўны шлях да прымірэння і міру".

Сітуацыя ў рэгіёне

Апостальскі вікарыят Паўднёвай Аравіі ахоплівае Аб'яднаныя Арабскія Эміраты, Аман і Емен. Па словах біскупа Марцінэлі, у рэгіёне пануе заклапочанасць, аднак улады робяць усё магчымае, каб абмежаваць рызыкі. Ён адзначыў, што пасля авіяўдараў ЗША і Ізраіля рэакцыя Ірана была прадказальнай і чакалася, асабліва з улікам наяўнасці шматлікіх амерыканскіх баз у рэгіёне. Сістэмы абароны спрацавалі аператыўна, і небяспека была стрымана.

Сам вікарый у адносна спакойных умовах здзейсніў пастырскі візіт у Эль-Айн на мяжы з Аманам. Ён патлумачыў, што па-за буйнымі гарадамі, такімі як Абу-Дабі і Дубай, жыццё можа ісці па-ранейшаму, хоць і з неабходнымі мерамі засцярогі. Вернікі могуць наведваць храмы. Абмежаваныя толькі масавыя сустрэчы і мерапрыемствы.

Маліцца аб міры

Падчас размовы біскуп Марцінэлі неаднаразова заклікаў да малітвы "аб міры і прымірэнні”, папярэджваючы, што неабходна "пазбегнуць эскалацыі, наступствы якой мы не ўбачым". У лісце да вернікаў ён заклікаў звярнуцца да Бога і Маці Божай праз ружанец, каб дакрануцца да сэрца і розуму тых, хто нясе адказнасць за выбар на карысць народаў".

Пазіцыя Сусветнай рады Цэркваў

Да заклікаў да стрыманасці далучылася таксама і Сусветная рада Цэркваў. Яе генеральны сакратар Джэры Пілай асудзіў “небяспечную спіраль гвалту”, якая пагражае жыццям людзей, знішчае жыццёва важную інфраструктуру і ўзмацняе страх у рэгіёне, які ўжо зведаў працяглую нестабільнасць і канфлікты". Ён заклікаў да неадкладнага спынення ўсіх ваенных дзеянняў, абароны грамадзянскага насельніцтва і крытычнай інфраструктуры ў адпаведнасці з міжнародным гуманітарным правам, тэрміновага аднаўлення дыпламатычных намаганняў і палітычнага дыялогу і скаардынаваных міжнародных крокаў па прадухіленні далейшай эскалацыі. Кіраўнік Сусветнай рады Цэркваў падкрэсліў, што адзіны шлях да "трывалага міру" – гэта дээскалацыя, дыялог і павага да чалавечай годнасці.

03 сакавіка 2026, 10:20