Пошук

Пасля чарговага авіяўдару па Тэгеране Пасля чарговага авіяўдару па Тэгеране  (AFP or licensors)

Біскупы Азіі: Блізкі Усход на мяжы незваротнай трагедыі

Біскупы Азіі б’юць у набат з прычыны эскалацыі на Блізкім Усходзе, заклікаючы да неадкладнага перамір’я і адмовы ад зброі, якая нясе толькі разбурэнне, боль і смерць для самых неабароненых.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Федэрацыя Канферэнцый Каталіцкіх Біскупаў Азіі (FABC) выступіла з пранікнёным зваротам, падкрэсліваючы, што чарговы віток насілля ў блізкаўсходнім рэгіёне можа мець непрадказальныя чалавечыя і эканамічныя наступствы для ўсяго свету.

У ноце, падрыхтаванай Цэнтральным камітэтам арганізацыі ў Бангкоку, іерархі выказалі глыбокую трывогу наконт ваенных удараў Ізраіля і ЗША па Іране, а таксама рэакцыі іншых краін рэгіёна.

Сапраўдная стабільнасць не можа базавацца на страху і пагрозах

Дакумент, падпісаны кардыналамі Філіпэ Нэры Ферао, Пабла Вірхіліа Давідам і Ісао Кікучы. Як паведамляе агенцтва "Fides", біскупы салідарызуюцца з пазіцыяй Святога Айца. "Мы паўтараем настойлівы заклік Папы Льва XIV, які нагадвае нам, што мір не можа быць пабудаваны на пагрозах або зброі", - гаворыцца ў заяве.

Пастыры Азіі, абапіраючыся на свой кантэкст рэлігійнай разнастайнасці і штодзённай барацьбы бедных за існаванне, сцвярджаюць: мір – гэта не проста адсутнасць вайны, а плод справядлівасці і цярплівага будавання даверу. На іх думку, вайна заўсёды б’е па самых слабых – бежанцах, дзецях і будучых пакаленнях, чые галасы часта губляюцца ў геапалітычных разліках.

Дыялог – адзіны шлях, які паважае годнасць народаў

У сваім звароце іерархі вылучылі тры канкрэтныя патрабаванні: неадкладнае спыненне баявых дзеянняў, вяртанне да дыпламатыі як галоўнага інструмента вырашэння канфліктаў і ўмацаванне міжрэлігійнай салідарнасці. Асаблівы акцэнт зроблены на адказнасці лідараў вялікіх рэлігійных традыцый, якія павінны разам сведчыць аб святасці жыцця.

На сустрэчы ў Бангкоку, якая праходзіць з 2 па 6 сакавіка 2026 года, біскупы заклікалі ўсе мясцовыя Касцёлы Азіі падчас Вялікага посту ўзмацніць малітву і пост за мір.
 

05 сакавіка 2026, 09:29