Пошук

Арцыбіскуп Гінтарас Грушас у студыі "Ватыканскага радыё" Арцыбіскуп Гінтарас Грушас у студыі "Ватыканскага радыё" 

Арцыбіскуп Грушас: апошняе слова не за злом

“Зло не бязмежнае. Гвалт не ўсемагутны. Вайна не апошняя рэальнасць. Божая Міласэрнасць мацнейшая”, - падкрэсліў старшыня Рады Біскупскіх Канферэнцый Еўропы (ССЕЕ) арцыбіскуп Гінтарас Грушас падчас Святой Імшы ў інтэнцыі міру.

Марыя Валодзіна - Vatican News

Набажэнства прайшло 9 сакавіка 2026 года ў санктуарыі Божай Міласэрнасці ў Вільні. Яно стала часткай “Эўхарыстычнага ланцуга” – велікапоснай ініцыятывы CCEE, якая яднае Касцёлы Еўропы ў малітве за мір ва Украіне, у Святой Зямлі і ва ўсім свеце.

Іерарх заклікаў еўрапейцаў нанова адкрыць для сябе моц малітвы і Божай Міласэрнасці ў свеце, параненым войнамі і канфліктамі. Ён запрасіў вернікаў з усяго свету прыняць удзел у Сусветным апостальскім кангрэсе міласэрнасці (WACOM 2026), які пройдзе ў Вільні з 7 па 12 чэрвеня 2026 года.

“Сёння мы сабраліся вакол Эўхарыстычнага стала з асаблівым намерам – маліцца за мір”, - сказаў арцыбіскуп Грушас на пачатку Імшы. Ён падкрэсліў асаблівае значэнне Вільні ў пасланні Божай Міласэрнасці. "Вільня – гэта горад, дзе праз святую Фаўстыну свет зноў пачуў пасланне Божай міласэрнасці. Тут быў створаны абраз Езуса Міласэрнага. Тут свет зноў успомніў ісціну пра тое, што апошняе слова не за злом", – сказаў арцыбіскуп Віленскі.

Разважаючы над біблійным урыўкам пра Наамана, арцыбіскуп Грушас адзначыў, што Бог часта дзейнічае праз тое, што здаецца малым або простым. Малітва за мір можа таксама выглядаць нязначнай, але яна неабходная. “Малітва за мір можа здавацца занадта простай. У нас можа ўзнікнуць спакуса недаацаніць яе”, – заўважыў іерарх. Ён падкрэсліў важнасць палітычных і дыпламатычных намаганняў, аднак дадаў, што без малітвы “застаюцца толькі чалавечыя намаганні без Божага святла”.

Спасылаючыся на пасланне Льва XIV на Сусветны дзень міру, арцыбіскуп Грушас нагадаў, што “мір – гэта не толькі мэта, але і прысутнасць, і шлях”. У сценах санктуарыя Божай Міласэрнасці гэтае пасланне гучыць асабліва моцна. Як вучыў святы Ян Павел II, Божая Міласэрнасць – гэта моц, якая стрымлівае зло ў свеце.

Гаворачы пра бягучую сітуацыю, ён адзначыў: “Сёння свет зноў паранены. Пакутуе Украіна. Cыходзіць крывёй Святая Зямля. Шмат канфліктаў застаецца ў цені”. Аднак малітва ніколі не бывае нязначнай. “Кожнае сэрца, якое звяртаецца да Бога, становіцца месцам, дзе злу выстаўляецца мяжа. Мір пачынаецца з сэрца, якое дазваляе Богу ачысціць сябе”, - сказаў іерарх.

Арцыбіскуп Віленскі выказаў надзею, што агульнаеўрапейскі “Эўхарыстычны ланцуг” і малітвы падчас будучага кангрэса дапамогуць прынесці духоўнае аднаўленне і мір параненаму свету. “Няхай Божая міласэрнасць, якая абмяжоўвае зло, ацаляе раны свету”, – пажадаў ён.

11 сакавіка 2026, 11:02