Пошук

Герб Армянскага Каталіцкага Патрыярхату Герб Армянскага Каталіцкага Патрыярхату 

Папа змяніў кіраўніцтва армянскіх епархій у Лацінскай Амерыцы

Леў XIV прыняў адстаўку епіскапа Вартана Валдзіра Багасяна, прызначыўшы новых адміністратараў для епархій Армянскай Каталіцкай Царквы ў Аргенціне, Бразіліі і Уругваі.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Святы Пасад абвясціў пра значныя кадравыя змены, якія закранаюць структуру і кіраванне Армянскай Каталіцкай Царквы ў Лацінскай Амерыцы.

Пантыфік зацвердзіў просьбу аб адстаўцы епіскапа Вартана Валдзіра Багасяна, салезіяніна, які шмат гадоў нёс адказнасць за душпастырства армян-католікаў як Апостальскі экзарх у Лацінскай Амерыцы і Мексіцы, а таксама як адміністратар епархіі ў Буэнас-Айрэсе.

Гэтае рашэнне азначае пераходны этап для армянскіх царкоўных адзінак у рэгіёне. У Бразіліі Апостальскім адміністратарам “sede vacante” для армян-католікаў прызначаны кардынал Адзілу Шэрэр, арцыбіскуп-мітрапаліт Сан-Паўлу. Ва Уругваі аналагічныя функцыі будзе выконваць кардынал Даніэль Фернанда Стурла Берхуэт, арцыбіскуп Мантэвідэа.

Асаблівае значэнне мае прызначэнне ў Аргенціне. Епархію “Святога Грыгорыя Нарэкскага ў Буэнас-Айрэсе”, якая належыць да Армянскай Каталіцкай Царквы, узначаліць у якасці адміністратара арцыбіскуп Хорхэ Гарсія Куэрва.

Як паведамляе Зала Друку Святога Пасада, арцыбіскуп Куэрва ўжо з’яўляецца ардынарыем для ўсходніх вернікаў у Аргенціне, якія не маюць уласнай іерархіі, што дазволіць яму эфектыўна інтэграваць армянскую супольнасць у агульную структуру апекі.

Нягледзячы на тое, што часовае кіраванне пераходзіць да іерархаў лацінскага абраду, статус і аўтаномія структур Армянскай Каталіцкай Царквы застаюцца нязменнымі. Гаворка ідзе пра гарантаванне адміністрацыйнай стабільнасці на перыяд, пакуль будуць рыхтавацца кандыдатуры новых армянскіх іерархаў.
 

02 сакавіка 2026, 12:05