Пошук

2023.05.27   tydzien belarus

Тыдзень у Беларусі – важнае

Развітанне са спачылым біскупам, кібертурнір, сустрэча моладзі – агляд найбольш значных падзей, якія адбыліся ў Каталіцкім касцёле ў Беларусі на гэтым тыдні, падрыхтавала Беларуская рэдакцыя Vatican News. Прапануем вашай увазе самае важнае з жыцця беларускіх католікаў.

Павел Міцкевіч – спецыяльна для Vatican News

У Пінскай дыяцэзіі развіталіся з біскупам Казімірам Велікасельцам. Пасля развітання ў Гомелі, дзе іерарх служыў апошнія гады, 12 лютага 2026 года ў катэдральным касцёле ў Пінску адбылася пахавальная святая Імша ў інтэнцыі спачылага біскупа. Развітацца з іерархам прыбылі шматлікія вернікі, духавенства і манахіні з усёй Беларусі. Пахавальную святую Імшу ўзначаліў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі разам з Апостальскім нунцыем у Беларусі арцыбіскупам Іньяцыё Чэфалія, біскупам Пінскім Антоніем Дзям’янкам. Гамілію прамовіў арцыбіскуп эмэрыт Тадэвуш Кандрусевіч, які падкрэсліў, што Казімір Велікаселец "быў святаром і біскупам паводле сэрца Езуса","стараўся захаваць наш народ ад маральнай згубы".

У Гродне праходзіць сустрэча моладзі дыяцэзіі. Перад пачаткам Вялікага посту, 14 лютага 2026 года, у касцёле Найсвяцейшага Адкупіцеля адбываецца сустрэча моладзі Гродзенскай дыяцэзіі пад дэвізам "Шчаслівыя чыстыя сэрцам". У праграме – канферэнцыя на тэму чысціні, святая Імша і "запусты" з пачастункам. На забаўляльную праграму запрошаны гурт "Open heavens".

У Мінску адбыўся першы дыяцэзіяльны кібертурнір міністрантаў. 7 лютага 2026 года ў Хрысціянскім сацыяльным цэнтры сустрэча распачалася святой Імшой, якую ўзначаліў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі. Падчас Імшы разам з удзельнікамі турніру маліліся таксама арцыбіскуп эмэрыт Тадэвуш Кандрусевіч, душпастыр міністрантаў у архідыяцэзіі ксёндз Аляксандр Шыманскі. Пасля Эўхарыстыі ўдзельнікаў размеркавалі па групах, у межах якіх адбыліся спаборніцтвы. Паспрабавалі сябе ў кібертурніры і прысутныя на мерапрыемстве іерархі. Пераможцы атрымалі медалі і памятныя падарункі.

У Каменцы з удзелам біскупа Аляксандра Кашкевіча адзначылі Сусветны дзень хворага. 11 лютага 2026 года біскуп эмэрыт целебраваў Імшу ў мясцовым Доме міласэрнасці, якім кіруе Кангрэгацыя Сясцёр Маці Міласэрнасці. Яе Генеральная настаяцельніца сястра Фаўстына Цыдзік, вітаючы прысутных, адзначыла, што Дзень хворага, устаноўлены святым Янам Паўлам ІІ, нясе святло надзеі тым, хто пакутуе ад хваробаў. На літургіі маліліся за хворых, перш за ўсё за жыхароў каменскага Дома міласэрнасці, яго супрацоўнікаў і медперсанал.

Пра манаскія супольнасці Беларусі зняты фільм. З нагоды Дня кансэкраванага жыцця створаны фільм "Падарожжа дылетанта па манаскім жыцці Беларусі" з Юрыем Жыгамонтам. Вядомы беларускі акцёр і вандроўнік у сваім фірмовым стылі знаёміць гледачоў з рознымі манаскімі інстытутамі ў краіне і заглыбляецца ў іх гісторыю, харызму і сучаснасць, размаўляючы з манахамі і манахінямі. Фільм расказвае і паказвае розныя цiкавосткі пра жаночыя і мужчынскія супольнасці, якія нясуць служэнне ў розных кутках Беларусі. Паглядзець фільм можна на канале манаскіх супольнасцяў Беларусі "Пакліканыя" у Youtube.

Падрыхтавана паводле grodnensis.by, catholicminsk.by і ўласнай інфармацыі.
 

14 лютага 2026, 09:14