Новы голас базілікі: у Венецыі пабудуюць унікальны арган
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Праект, кошт якога ацэньваецца ў тры мільёна еўра, быў прадстаўлены Патрыярхам Франчэска Маралья сумесна з адміністрацыяй базілікі. Завяршэнне работ плануецца да канца 2028 года – акурат да 1200-годдзя перанясення рэліквій святога Марка Евангеліста.
Новы інструмент будзе складацца з асноўнай і сольнай частак у алтарнай прасторы, а таксама дзвюх дадатковых секцый у трансепце, што дазволіць дасягнуць асаблівай глыбіні гуку ў прасторы з унікальнай акустыкай і мазаікамі.
Акрамя стварэння новага інструмента, майстры плануюць рэканструяваць гістарычны арган Каліда 1766 года, выкарыстоўваючы аўтэнтычныя трубы, якія захаваліся да нашых дзён.
Паралельна з культурнымі праектамі адміністрацыя базілікі працягвае ўдасканальваць сістэму прыёму наведвальнікаў. Увядзенне абавязковага анлайн-браніравання дазволіла пазбегнуць велізарных чэргаў і забяспечыць фінансавую стабільнасць.
Дзякуючы атрыманым сродкам, удалося забяспечыць працу персаналу і зноў адчыніць для вернікаў і турыстаў каля 40 меншых храмаў у гістарычным цэнтры Венецыі, якія раней заставаліся зачыненымі з прычыны адсутнасці рэсурсаў на іх утрыманне.