250 гадзін адарацыі: біскупы ЗША да 250-годдзя незалежнасці
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Амерыканскі епіскапат падрыхтаваў адмысловыя матэрыялы, якія заахвочваюць парафіі і супольнасці да малітвы перад Найсвяцейшым Сакрамэнтам і канкрэтных жэстаў любові да бліжняга.
Ініцыятыва павінна стаць духоўным адказам на сучасныя выклікі грамадства, а таксама знакам удзячнасці за Бацькаўшчыну. Біскупы падкрэсліваюць, што адзінства ў малітве і справах міласэрнасці з’яўляецца дзейсным інструментам для грамадскага аздараўлення краіны.
Адарацыі будуць праводзіцца ў розных інтэнцыях, сярод якіх абарона жыцця, мір, пакліканні да святарства і рэлігійная свабода. Паралельна з малітвай вернікі будуць дапамагаць цяжарным жанчынам у крызісных сітуацыях, сем'ям бежанцаў, а таксама падтрымліваць харчовыя банкі і мясцовыя дабрачынныя арганізацыі. Біскупы прапануюць цэлы шэраг практычных крокаў, каб міласэрнасць стала бачнай у штодзённым жыцці.
Яшчэ адной важнай падзеяй падрыхтоўкі стане прысвячэнне амерыканскага народа Найсвяцейшаму Сэрцу Езуса. Гэты акт плануецца здзейсніць падчас чэрвеньскага пленарнага пасяджэння епіскапату ЗША. Да гэтага часу ў парафіях будуць праходзіць катэхезы, якія дапамогуць вернікам глыбей зразумець значэнне гэтай падзеі і духоўна далучыцца да юбілейных святкаванняў.