Пошук

Тыдзень у Беларусі Тыдзень у Беларусі 

Тыдзень у Беларусі – важнае

Рэкалекцыі, канферэнцыя, дапамога хворым дзецям і касцёлу ў Будславе – агляд найбольш значных падзей, якія адбыліся ў Каталіцкім касцёле ў Беларусі на гэтым тыдні, падрыхтавала Беларуская рэдакцыя Vatican News. Прапануем вашай увазе самае важнае з жыцця беларускіх католікаў.

Павел Міцкевіч – спецыяльна для Vatican News

Біскупы праводзяць Велікапосныя рэкалекцыі ў парафіях. У мінскім Кармэлі, парафіі Божага Цела, і ў Мядзелі духоўныя практыкаванні правёў арцыбіскуп эмэрыт Тадэвуш Кандрусевіч. У рэкалекцыйных разважаннях іерарх закранаў важныя тэмы для сучаснага Касцёла, сям’і і грамадства. Ён засяродзіў увагу на веры, якая ў кожнай сферы жыцця павінна знаходзіць сваё адлюстраванне ў канкрэтных учынках. У гомельскай парафіі Нараджэння Божай Маці з 26 лютага па 1 сакавіка 2026 года рэкалекцыі праводзіць Генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Аляксандр Яшэўскі.

Канферэнцыя "Testis fidei et misericordiae" адбылася ў Мінску. 25 лютага 2026 года ў Хрысціянскім сацыяльным цэнтры прайшла ІІ Міждыяцэзіяльная канферэнцыя, назва якой у перакладзе гучыць як "Сведка веры і міласэрнасці". Яна прысвечаная постацям двух благаслаўлёных мучанікаў Другой сусветнай вайны – Германа Стэмпеня і Ахілеса Пухалы – айцоў францішканаў, якія служылі ў Івянцы і Пяршаях. Канферэнцыя, якую праводзіць архідыяцэзія пры падтрымцы апарата Упаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцей, прысвечана духавенству і свецкім асобам, аб’яўленых Касцёлам святымі ці благаслаўлёнымі, паходжаннем ці служэннем звязаных з беларускімі землямі, якія аддалі сваё жыццё за бліжніх. Акрамя беларускага духавенства ў мерапрыемстве прынялі ўдзел Апостальскі нунцый арцыбіскуп Іньяцыё Чэффаліа, прадстаўнікі іншых хрысціянскіх канфесій і рэлігій.

Касцёл у Будславе просіць аб дапамозе. У Нацыянальным санктуарыі быў зацверджаны план мерапрыемстваў на выкананне рамонтна-рэстаўрацыйных работ будынка касцёла. Ён мае патрэбу ў працягу рамонта пасля пажару ў 2021 годзе. Неабходны інжынерна-пошукавыя, будаўнічыя работы па ўзмацненні падмурка, рэканструкцыя часовага даху і правядзенне ўнутраных рэстаўрацыйных работ. У сувязі з гэтым парафія просіць аказаць любую бязвыплатную дапамогу ў правядзенні бліжэйшых работ, бо самастойна аплаціць іх не мае магчымасці.

У Гродне прайшло пасяджэнне сінадальнай камісіі па справах місій. 25 лютага 2026 года адбылося працоўнае пасяджэнне камісіі, якая дзейнічае ў межах І Сіноду Гродзенскай дыяцэзіі. У сустрэчы з членамі камісіі ўдзельнічаў біскуп Гродзенскі Уладзімір Гуляй. Старшыня камісіі айцец Вальдэмар Слота прадставіў працоўны дакумент адносна місіянерскіх задач у жыцці мясцовага Касцёла. Плануецца, што І Сінод Гродзенскай дыяцэзіі завершыцца 16 лістапада 2026 года, ва ўрачыстасць Найсвяцейшай Панны Марыі Вастрабрамскай – галоўнай Апякункі Касцёла на Гродзеншчыне.

"Caritas" Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі ладзіць акцыю для дзяцей, якія змагаюцца з цяжкімі хваробамі. Ідэя акцыі ў тым, што напачатку Вялікага посту дзеці ў парафіях робяць свае персанальныя скарбонкі і ў першыя тры тыдні збіраюць туды ахвяраванні – грошы, зэканомленыя на прысмаках, ці сімвалічны заробак на добрую справу. Завяршэнне акцыі прыпадае на 3-ю Нядзелю Вялікага посту, якая ў Касцёле ў Беларусі з’яўляецца Нядзеляй "Caritas". Усе сабраныя сродкі будуць накіраваны на падтрымку Дзіцячага дабрачыннага сацыяльна-рэабілітацыйнага цэнтра святога Лукі, дзе праходзяць рэабілітацыю дзеці з розных куткоў Беларусі.

Падрыхтавана паводле grodnensis.by, catholicminsk.by і ўласнай інфармацыі.

28 лютага 2026, 07:49