Рэкордная хваля навяртанняў: Сіднэй вітае новых вернікаў
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
У катэдры Найсвяцейшай Панны Марыі ў Сіднэі адбылася знакавая падзея – штогадовы Чын абрання. Паводле звестак архідыяцэзіі, 338 катэхуменаў рыхтуюцца прыняць хрост падчас Велікоднай вігіліі, а яшчэ 119 кандыдатаў пачнуць шлях да поўнай камуніі з Касцёлам. Гэтыя лічбы сведчаць пра значны скачок у параўнанні з 2025 годам: колькасць катэхуменаў вырасла на 35 працэнтаў, а кандыдатаў – амаль удвая (на 95 працэнтаў).
Арцыбіскуп Сіднэйскі Энтані Фішэр назваў такі рост “пераканаўчым знакам” жыццяздольнасці веры. На яго думку, гэта яскравае сведчанне таго, што Дух Святы актыўна дзейнічае ў сучасным свеце, нягледзячы на агульныя секулярныя тэндэцыі.
Падчас набажэнства арцыбіскуп Фішэр адзначыў, што Аўстралія тут не выключэнне. Падобны ўздым назіраецца і ў іншых краінах – напрыклад, у Францыі, дзе Парыжская архідыяцэзія таксама паведамляе пра рост колькасці хростаў дарослых. Іерарх падкрэсліў, што многія прыходзяць у Касцёл, адчуваючы ўнутраную пустэчу і адсутнасць арыенціраў у сучаснай культуры.
“Многія з вас казалі мне, што адчувалі сябе згубленымі і добра гэта разумелі. Вы не ведалі, у што верыць і чаго хацець ад жыцця. Вам не хапала кірунку, мэты і надзеі”, - адзначыў арцыбіскуп. Ён дадаў, што хоць першапачаткова людзей часта прыцягвае прыгажосць храмаў або літургіі, сапраўднае глыбокае навяртанне – гэта вынік Божай ласкі, якая дае мужнасць зрабіць крок насустрач Богу.
Гэты рэкордны прыток новых вернікаў у Сіднэі становіцца часткай глабальнай мазаікі духоўнага адраджэння, якая сёння назіраецца ў розных краінах з моцнымі секулярнымі тэндэцыямі.