Прэмія імя святога Францішка і Карла Акуціса: натхненне для святасці
Марыя Валодзіна - Vatican News
3 лютага 2026 года ў Рыме прадставілі 6-ю Міжнародную прэмію імя святога Францішка і святога Карла Акуціса за праекты ў галіне эканомікі братэрства. Яе прысуждаюць за эканамічныя ініцыятывы, якія рэалізуюць супольнасці на перыферыях свету.
"Нам неабходна зірнуць на свет вачыма святога Францішка і святога Карла Акуціса", - сказаў падчас прэзентацыі кардынал Лазарус Ю Хён-сік, прэфект Дыкастэрыі па справах духавенства. “Сёння мы бачым занадта шмат канфліктаў, ран і эканамічную парадыгму, якая эксплуатуе рэсурсы Зямлі. Прэмія імкнецца быць закваскай братэрства і крыніцай натхнення для святасці, паказваючы новую мадэль сучаснай эканомікі", - дадаў іерарх.
Арцыбіскуп Даменіка Сарэнціна распавёў гісторыю ўзнікнення прэміі. Ідэя з’явілася ў 2013 годзе падчас візіту Папы Францішка ў Асізі, калі Пантыфік быў засмучаны трагедыяй мігрантаў. Як канкрэтны знак новай эканомікі, іерарх вырашыў заснаваць прэмію, прысвечаную святому Францішку і святому Карлу Акуцісу, бо абодва служылі бедным.
Міжнароднай прэміяй імя святога Францішка і святога Карла Акуціса ўзнагароджваюцца праекты, якія рэалізуюць маладыя людзі ва ўзросце да 35 гадоў і якія змяняюць жыццё людзей на перыферыі свету. У мінулым прэмію атрымалі праект хлебапякарні ў Чадзе, вытворчасць экалагічных вугальных брыкетаў на Філіпінах, тэлефонная лінія для людзей з праблемамі зроку і слыху ў Індыі.
Сёлета кандыдатуры прымаюцца да 28 лютага 2026 года, а цырымонія ўзнагароджання адбудзецца 16 мая ў Асізі. Пераможны праект вызначыць журы з шасці экспертаў. Пераможца атрымае грашовую ўзнагароду ў памеры 50 тысяч еўра, “плашч святога Францішка”, створаны мадэльерам Брунела Кучынелі, а таксама абраз святых Францішка і Карла Акуціса.