Духоўнасць у цішыні: санктуарыі і людзі з парушэннямі слыху
Vatican News
Аўтар публікацыі сабраў традыцыі, сведчанні і аповеды, звязаныя з марыйнымі санктуарыямі і пабожнасцю людзей з парушэннямі слыху. Гэтыя святыні давалі ім магчымасць удзельнічаць у жыцці Касцёла, таму што сакральныя выявы, абразы, жэсты і цішыня малітвы дазваляюць без слоў перажыць глыбокую сувязь з Богам.
Мясцовыя гісторыі
Шматлікія аповеды, сабраныя ў кнізе, паходзяць з невялікіх гарадоў і вёсак Італіі. У Гарбаньі (П’емонт) традыцыя звязвае санктуарый Маці Божай Азёрнай з гісторыяй аб’яўлення Багародзіцы нямой дзяўчыне. Пасля сустрэчы да дзяўчыны вярнулася мова, і яна заклікала жыхароў да прымірэння.
У мястэчку Крэвакуоры мясцовае паданне распавядае пра глуханямую дзяўчыну, якая пасля сустрэчы з Паннай Марыяй ля крыніцы атрымала слых і мову. З часам на месцы аб’яўлення з’явілася спачатку капліца, а пазней і санктуарый Маці Божай Крынічнай, які ператварыўся ў месца пілігрымак.
Цікавая гісторыя звязана з санктуарыем Маці Божай Боскага Провіду ў Кусаніа. Паводле традыцыі, малады глуханямы Барталамеа Копа пасля аб’яўлення Панны Марыі атрымаў дар мовы і перадаў усёй супольнасці заклік да навяртання. Народная памяць таксама звязвае тую падзею з пазнейшай эпідэміяй, як вынікам таго, што людзі не пачулі закліку.
Цішыня як форма духоўнасці
У Авецана існуе культ Маці Божай Цішыні. Ён узнік не ў выніку цуду, а ў адказ на духоўную патрэбу людзей у засяроджанасці, унутраным слуханні і малітве. Вернікі моляцца тут унутранай малітвай, без вымаўлення. Такая форма пабожнасці асабліва блізкая людзям з парушэннямі слыху, для якіх цішыня – не адсутнасць, а прастора адносін і даверу.
Каштоўнасць слухання
У кнізе часта згадваецца евангельскі жэст “Эфата” (“Адкрыйся”), калі Хрыстус вяртае чалавеку здольнасць чуць і гаварыць. Вяртанне слыху і мовы разумеецца як аднаўленне сувязі паміж чалавекам і Богам. Часта пасля атрымання гэтай здольнасці чалавек атрымлівае новую місію: ён становіцца сведкам, распавядае іншым пра цуд і захоўвае памяць аб ім. Пераход ад цішыні да слова ўплывае не толькі на чалавека, але і на ўсю супольнасць.
Устойлівая народная пабожнасць
Аўтар падкрэслівае, што марыйныя санктуарыі, важныя для людзей з парушэнням слуху, існуюць па ўсёй Італіі і па ўсім свеце. У розных краінах, за тысячы кіламетраў, людзі здзейсняюць адны і тыя ж жэсты пабожнасці: запальваюць свечку, даюць зарокі і абяцанні, шэпчуць малітвы, чытаюць Ружанец перад абразом Панны Марыі. Гэтая рэлігійнасць часта перадаецца ў сям’і і падтрымлівае духоўнае жыццё многіх супольнасцяў. Кніга айца Дзі Блазіа нагадвае пра неабходнасць рабіць веру і святыні даступнымі для ўсіх.