Іспанскі феномен: мужчыны вяртаюцца да Касцёла
Аляксандр Амяльчэня – Vatican News
У іспанскім грамадстве апошнія гады фіксуецца важная сацыялагічная змена – запаволенне працэсу секулярызацыі. Іспанскі сацыёлаг Луіс Мілер у інтэрв’ю тыднёвіку "Famille Chrétienne" адзначае, што пасля пандэміі назіраецца невялікі, але выразны рост ідэнтыфікацыі з каталіцтвам сярод грамадзян ва ўзросце да 45 гадоў. Гэтая дынаміка з’яўляецца ўнікальнай для краіны, дзе доўгі час панавала тэндэнцыя да адыходу ад веры.
На думку эксперта, адраджэнне рэлігійнасці звязана з моцнай палярызацыяй грамадства. Маладыя кансерватары ўспрымаюць вяртанне да Касцёла як форму рэакцыі на агрэсіўную ідэалогію левых сіл, якія ставяць пад сумнеў традыцыйныя хрысціянскія каштоўнасці. Такім чынам, вера становіцца не толькі духоўным выбарам, але і спосабам абароны ўласнага светапогляду ва ўмовах ідэалагічнага супрацьстаяння.
Важную ролю ў гэтым працэсе адыгрывае міграцыя: вернікі з Венесуэлы, Калумбіі і Эквадора прыносяць з сабой жывую рэлігійную традыцыю, якая станоўча ўплывае на мясцовае асяроддзе.
Побач з гэтым развіваецца сучасная каталіцкая культура: інтэрнэт–інфлюэнсеры і творчыя калектывы, такія як музычны гурт "Hakuna", збіраюць стадыёны моладзі.
Акрамя таго, Луіс Мілер падкрэслівае змены ў грамадскім дыскурсе: пытанне абортаў перастала быць табу. Сёння ўсё больш маладых іспанцаў адкрыта крытыкуюць практыку абортаў, адмаўляючыся ад ранейшага ліберальнага кансэнсусу.