Біскуп Франсіска Сесар Гарсія Маган, генеральны сакратар Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Іспаніі Біскуп Франсіска Сесар Гарсія Маган, генеральны сакратар Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Іспаніі 

Іспанскія біскупы вызначылі прыярытэты да 2030 года

Канферэнцыя Каталіцкіх Біскупаў Іспаніі зацвердзіла стратэгічны план развіцця на 2026-2030 гады, зрабіўшы акцэнт на евангелізацыі, нядзельнай Эўхарыстыі і дыялогу з мусульманскім светам.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Пастаянная камісія епіскапату Іспаніі падчас сваёй 272-й сесіі ў Мадрыдзе паставіла фінальную кропку ў падрыхтоўцы "Душпастырскай лініі" на бліжэйшае чатырохгоддзе.

Дакумент, які атрымаў сімвалічную назву "Адпраўляйцеся ў шлях", грунтуецца на словах з Евангелля паводле Лукі. Як заявілі ў епіскапаце, гэта не проста адміністрацыйны план, а вынік глыбокага супольнага распазнавання, у якім удзельнічалі біскупы, дыяцэзіі і кіраўнікі касцельных офісаў.

Новая стратэгія вызначае тры галоўныя арыенціры: жывое абвяшчэнне веры, абнаўленне традыцыі святкавання нядзелі і асэнсаванне прысутнасці Касцёла ў кожным кутку краіны.

Адным з найбольш значных практычных крокаў стала стварэнне адмысловага аддзела па сувязях з ісламам. Касцёл у Іспаніі адкрыта адказвае на выклікі часу, звязаныя з ростам мусульманскай супольнасці.

Новая структура будзе займацца падтрымкай міжрэлігійных сем’яў, падрыхтоўкай святароў да дыялогу і стварэннем катэхетычных матэрыялаў для катэхуменаў мусульманскага паходжання. Гэта сведчыць аб жаданні Касцёла быць мостам у грамадстве, якое становіцца ўсё больш і больш шматкультурным.

Паралельна з вонкавым дыялогам біскупы звяртаюць увагу на ўнутраны свет верніка: яны рыхтуюць "інструкцыю", якая дапаможа вернікам разабрацца, як адрозніць сапраўдны духоўны досвед ад звычайных хваляванняў і як не згубіць веру, калі эмоцыі знікаюць.

Акрамя стратэгічных дакументаў, іспанскі епіскапат анансаваў запуск "Летняй школы" для свецкіх вернікаў, манахаў і святароў, якая павінна стаць інтэлектуальнай і духоўнай пляцоўкай для сустрэч.

Таксама на парадку дня застаюцца літургічныя пытанні, у прыватнасці, рэвізія перакладу трэцяга выдання "Рымскага Імшала" на іспанскую мову.

Ужо ў сакавіку стартуе маштабная інфармацыйная кампанія, мэта якой – заахвоціць грамадзян накіроўваць частку падаткаў на патрэбы Касцёла.
 

27 лютага 2026, 09:28