Mappa Corea del nord e Corea del Sud, confine

Трыццаць гадоў малітвы за адзінства Карэі

У Сеуле адзначылі 1500-ю святую Імшу за прымірэнне Карэі – унікальную малітоўную эстафету, якая штотыдзень злучае сэрцы вернікаў Поўдня і Поўначы на працягу ўжо 31 года.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Арцыбіскуп Пітэр Чун Сун Тхэк, пастыр Сеула і Апостальскі адміністратар Пхеньяна, узначаліў юбілейную Эўхарыстыю 10 лютага 2026 года ў сталічнай катэдральнай базіліцы.

Гэтая ініцыятыва, распачатая яшчэ ў 1995 годзе кардыналам Кім Су Хванам, стала беспрэцэдэнтнай падзеяй у гісторыі мясцовага Касцёла. Іерарх падкрэсліў, што нястомная малітва на працягу дзесяцігоддзяў сведчыць аб тым, наколькі жыццёва важным для народа з’яўляецца заданне міру і еднасці.

Як перадае агенцтва "Fides", арцыбіскуп Чун адзначыў, што намаганні па прымірэнні – гэта не слабасць, а свядомы выбар на карысць будучыні. На набажэнстве, дзе прысутнічалі Апостальскі нунцый Джавані Гаспары і прадстаўнікі ўрада, вернікі згадвалі 57 парафій, што існавалі на Поўначы да падзелу краіны. Гэта частка кампаніі "Паўночнакарэйскі Касцёл у маім сэрцы", якая не дазваляе забыць пра духоўныя карані народа.

Асаблівую моц сустрэчы надае "Простая малітва" святога Францішка Асізскага. Згодна з пагадненнем 1995 года, яе кожны аўторак адначасова чытаюць у катэдры ў Сеуле і ў касцёле Чанчун у Пхеньяне – адзіным каталіцкім храме на Поўначы. Гэтая еднасць у малітве дазваляе вернікам быць разам перад Богам у адзін і той жа час, нягледзячы на межы. Завяршаецца набажэнства Ружанцам за мір на паўвостраве і ва ўсім свеце.
 

14 лютага 2026, 11:03