Сустрэча Папы з дэлегацыяй "Talitha Kum" Сустрэча Папы з дэлегацыяй "Talitha Kum"  (@Vatican Media)

Папа: працягваць намаганні па барацьбе з гандлем людзьмі

Напярэдадні XII Сусветнага дня малітвы і разважанняў супраць гандлю людзьмі Папа сустрэўся з манахінямі і свецкімі валанцёрамі, якія змагаюцца з сучасным рабствам і дапамагаюць яго ахвярам.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

На палях агульнай аўдыенцыі, якая прайшла 4 лютага 2026 года ў ватыканскай Зале Паўла VI, Пантыфік прывітаў дэлегацыю міжнароднай сеткі “Talitha Kum”. Яна аб’ядноўвае каля шасці тысяч манахінь, валанцёраў і экспертаў з розных краін свету, якія ўдзельнічаюць у барацьбе з гандлем людзьмі, прафілактыцы і дапамозе ахвярам.

“Леў XIV заахвоціў нас працягваць барацьбу супраць гандлю людзьмі з усведамленнем таго, што мір будзе немагчымы, калі не будзе па-сапраўднаму паважацца чалавечая годнасць”, - падзялілася з “Vatican News” сястра Эбі Авеліна, міжнародны каардынатар арганізацыі.

На агульнай аўдыенцыі прысутнічалі каля дваццаці прадстаўніц “Talitha Kum” з Аўстраліі, Бастваны, Бразіліі, Бурундзі, Венесуэлы, Італіі, Лівана, Пакістана, Украіны, Эквадора і Японіі. 8 лютага 2026 года яны прымуць удзел у рымскіх ініцыятывах з нагоды XII Сусветнага дня малітвы і разважанняў супраць гандлю людзьмі. Сёлетні дэвіз ініцыятывы: “Мір пачынаецца з годнасці. Заклік пакласці канец гандлю людзьмі”.

“Гандль людзьмі застаецца сур’ёзным бедствам глабальнага маштабу, якое парушае чалавечую годнасць і пагражае міру нашых грамадстваў, асабліва ў свеце, які разрываюць канфлікты, войны і вымушаная міграцыя. Ставячы тэму міру і чалавечай годнасці ў цэнтр гэтага Сусветнага дня, мы запрашаем усіх людзей добрай волі не проста ўсведамляць праблему, а далучыцца да канкрэтных дзеянняў, каб пакласці канец гэтай злачыннай з’яве. Наш абавязак – ісці поруч з ахвярамі і выжыўшымі, слухаць іх і спрыяць сістэматычным зменам, якія закрануць глыбокія прычыны гандлю людзьмі і пасадзейнічаюць будаўніцтву свету, заснаванага на міры, справядлівасці і годнасці для ўсіх”, - сказала сястра Эбі Авеліна, нагадваючы, што на сённяшні дзень у свеце налічваецца каля 27 мільёнаў ахвяр гандлю, большасць з якіх складаюць жанчыны, дзеці, мігранты і бежанцы.
 

05 лютага 2026, 09:37