Пошук

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота  (ANSA)

Парафія ў Остыі рыхтуецца да візіту Святога Айца

Парафія Маці Божай Каралевы Супакою ў Остыі, у якой служаць айцы-палатыны, стане першай, якая прыме пастырскі візіт Льва XIV: ён адбудзецца ў нядзелю, 15 лютага 2026 года.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

Святы Айцец прыбудзе ў парафію на перыферыі Рымскай дыяцэзіі каля 16.00 і адразу сустрэнецца з самымі маладымі вернікамі: на пляцоўцы перад касцёлам яго прывітаюць каля 400 дзяцей, юнакоў і дзяўчат. Потым Пантыфік адправіцца ў парафіяльную спартовую залу, каб сустрэцца з пажылымі людзьмі, хворымі, беднымі і валанцёрамі мясцовага “Caritas”.

У 17.00 Пантыфік будзе цэлебраваць святую Імшу сумесна з кардыналам-вікарыем Бальдасарэ Рэйна, біскупам Рэната Тарантэлі Бакары, адказным за паўднёвы сектар Рымскай дыяцэзіі, мясцовым пробашчам, айцом Джавані Вінчэнца Патанэ і іншымі святарамі, якія служаць у Остыі.

Пасля Імшы Папа сустрэнецца з членамі парафіяльнай рады. Перш чым вярнуцца ў Ватыкан, ён прывітае вернікаў, якія засталіся звонку і сачылі за святой Імшой на вялікім экране, усталяваным спецыяльна для гэтай падзеі.

“Сімвалічна, што першай парафіяй, абранай Святой Айцом для пастырскіх візітаў, стала парафія, прысвечаная Марыі, Каралеве Супакою,” - адзначыў пробашч, айцец Патанэ, нагадваючы, што “ад самага пачатку свайго пантыфікату Папа Леў праяўляе вялікую ўвагу да тэмы міру і гаворыць пра “бяззбройны і раззбройваючы мір”.”

Святар заўважыў таксама, што нябесным апекуном Остыі з’яўляецца святы Аўгустын, што робіць гэта месца асабліва блізкім духоўнасці Пантыфіка, манаскі і святарскі шлях якога звязаны з Ордэнам аўгустынцаў.

Гаворачы пра падрыхтоўку да візіту, айцец Патанэ адзначыў, што білеты на святую Імшу з Папам у мясцовым касцёле, які не зможа ўмясціць усіх жадаючых, былі раздадзены праз латэрэю.

“Мы адчуваем вялікі гонар быць першай супольнасцю, якую наведвае Святы Айцец. Гэта таксама добрая магчымасць трохі прыбраць і падрыхтаваць памяшканні!”, - пажартаваў ён, падкрэсліваючы: “Для нас ён не толькі Папа, але ў першую чаргу наш біскуп, пастыр, які наведвае свой касцёл.”
 

12 лютага 2026, 11:28