У штаце Кадуна на поўначы Нігерыі ўзброеныя бандыты ўварваліся ў два храмы падчас набажэнстваў і выкралі вернікаў У штаце Кадуна на поўначы Нігерыі ўзброеныя бандыты ўварваліся ў два храмы падчас набажэнстваў і выкралі вернікаў  (Nuhu Gwamna)

Хваля насілля ў Нігерыі: Касцёл пад прыцэлам баевікоў

У Нігерыі каардынаваныя напады ўзброеных банд на каталіцкі кляштар, шпіталь і святыні прывялі да чалавечых ахвяр, выкрадання і маштабных разбурэнняў цывільнай інфраструктуры.

Аляксандр Амяльчэня – Vatican News

У нядзелю, 1 лютага 2026 года, адміністрацыйныя раёны Агвара і Машэгу ў нігерыйскім штаце Нігер сталі ахвярамі жорсткай агрэсіі. Паводле афіцыйнай заявы каталіцкай дыяцэзіі Кантагора, узброеныя злачынцы на працягу некалькіх гадзін бесперашкодна рабавалі і нішчылі маёмасць.

У Агвары нападнікі спалілі паліцэйскі ўчастак і евангелічную царкву, а таксама выкралі пяць членаў адной сям’і, пакінуўшы пасля сябе атмасферу жаху, якая вымусіла жыхароў шукаць паратунку ў лясах.

Цэль – кляштар і гуманітарная дапамога

Асаблівую трывогу выклікае напад у паселішчы Туган Гера, дзе мэтай баевікоў сталі каталіцкі кляштар і прылеглы да яго шпіталь. Як паведамляе агенцтва "Fides", злачынцы разграмілі клініку, знішчыўшы дарагое медыцынскае абсталяванне, якое служыла для дапамогі мясцоваму насельніцтву. Манахіням удалося своечасова ўцячы і схавацца ў наваколлі, аднак брамнік шпіталя быў выкрадзены разам з іншымі людзьмі.

Крывавы след і заклік да бяспекі

Не абышлося без чалавечых ахвяр: баевікі абстралялі аўтамабіль, які праязджаў міма, забіўшы аднаго з пасажыраў. Дыяцэзія Кантагора выказала глыбокую занепакоенасць адсутнасцю бяспекі рэлігійных супольнасцей і медыцынскіх устаноў.

На фоне гэтай эскалацыі ў краіну прыбыў невялікі ваенны кантынгент ЗША для аказання разведвальнай дапамогі нігерыйскім уладам у барацьбе з узброенымі групоўкамі, некаторыя з якіх маюць джыхадысцкія карані.
 

05 лютага 2026, 09:23