Новы старшыня Канферэнцыі Біскупаў Германіі біскуп Хайнер Вільмер Новы старшыня Канферэнцыі Біскупаў Германіі біскуп Хайнер Вільмер  (ANSA)

Новы старшыня епіскапату Германіі: паміж верай і рэформамі

Новы старшыня Канферэнцыі Біскупаў Германіі біскуп Хайнер Вільмер акрэсліў прыярытэты свайго служэння, зрабіўшы акцэнт на вяртанні Бога ў цэнтр касцельнага жыцця і грамадскага дыялогу.

Аляксандр Амяльчэня – Vatican News

Падчас вясенняй пленарнай асамблеі ў Вюрцбургу нямецкія іерархі абралі сваім новым лідарам біскупа Хайнера Вільмера. Іерарх, які змяніў на гэтай пасадзе біскупа Георга Бэтцынга, апісаў сябе як пілігрыма, што ідзе "з Евангеллем у руках і людзьмі ў сэрцы".

Сваім прыярытэтам ён назваў працу на агульную карысць, абапіраючыся на прынцыпы каталіцкага сацыяльнага вучэння, якое лічыць "прарочым голасам" для сучаснага свету.

Дыялог і сінадальнасць як адказ на ўнутраныя падзелы

Каментуючы дыскусіі аб будучыні Касцёла, біскуп Вільмер падкрэсліў, што Дух Святы дзейнічае нават праз нязгоду, таму важна захоўваць прастору для дыялогу. Ён выказаў аптымізм адносна Статута Сінадальнай канферэнцыі, спаслаўшыся на падтрымку прынцыпу сінадальнасці з боку Папы Францішка і яго пацвярджэнне Папам Львом XIV.

Асобную ўвагу новы кіраўнік епіскапату надаў ролі жанчын, адзначыўшы неабходнасць выкарыстання іх кампетэнцый у адпаведнасці з рашэннямі Сінода. Ён падкрэсліў, што з нецярпеннем чакае "сюрпрызаў ад Духа Святога" ў пытаннях касцельных пасад і паслуг для жанчын.

Голас ахвяр і шлях да ачышчэння Касцёла

Крытычна важным аспектам дзейнасці іерарх лічыць працэс ачышчэння Касцёла ад наступстваў сексуальных злоўжыванняў. Біскуп Вільмер заявіў, што голас ахвяр мае вырашальную вагу і менавіта праз іх сведчанне шлях пакаяння набывае глыбіню і праўду. Гэта патрабуе стварэння прасторы даверу, дзе годнасць кожнага будзе абаронена.

У кантэксце міжнародных канфліктаў, згадваючы чацвёртую гадавіну расійскай агрэсіі супраць Украіны, біскуп заклікаў Касцёл быць амбасадарам міру. На яго думку, хрысціянская надзея павінна быць мацнейшай за наіўны аптымізм, а сіла Евангелля – у пакоры і трываласці.
 

25 лютага 2026, 10:16