Касцёл святога Каятана (Тэатынеркірхэ) у Мюнхене Касцёл святога Каятана (Тэатынеркірхэ) у Мюнхене  (AFP or licensors)

Германія: Касцёл завяршыў першую фазу сінадальнага шляху

31 студзеня 2026 года ў Штутгарце завяршылася шостая і апошняя Сінадальная асамблея, якой Касцёл у Германіі падвёў вынікі ўнутранага аналізу і рэформаў, распачатых у 2019 годзе. Наступным крокам стане стварэнне Сінадальнай канферэнцыі.

Марыя Валодзіна - Vatican News

У бліжэйшы час нямецкі епіскапат прагаласуе за статут новай структуры, ужо зацверджаны Цэнтральным камітэтам нямецкіх католікаў. Пасля гэтага плануецца звярнуцца да Святога Пасада па кананічнае прызнанне (recognitio). У рамках кансультацый біскупы і свецкія вернікі таксама правялі ацэнку і кантроль рэалізацыі рашэнняў, прынятых пачынаючы з 2021 года.

Па выніках асамблеі была прынятая сумесная дэкларацыя “За свет, у якога ёсць будучыня. З Касцёлам, які дорыць надзею”. У ёй падкрэсліваецца неабходнасць далейшай барацьбы з злоўжываннямі, узмацнення празрыстасці і адказнасці, удзелу вернікаў, супрацьстаяння дыскрымінацыі і прасоўвання гендарнай роўнасці. “Сінадальная канферэнцыя дасць Каталіцкаму Касцёлу ў Германіі інструмент для доўгатэрміновай барацьбы з сістэмнымі праявамі злоўжыванняў уладай”, - гаворыцца ў тэксце.

Сярод прынятых рашэнняў – стварэнне ў рамках будучай Сінадальнай канферэнцыі трэцяй групы ўдзельнікаў, якая дапоўніць Канферэнцыю біскупаў і Цэнтральны камітэт католікаў. У яе склад увойдуць 27 чалавек, у тым ліку два прадстаўнікі Кансультатыўнага камітэта ахвяр злоўжыванняў і Канферэнцыі генеральных настаяцеляў манаскіх ордэнаў. Прынамсі 13 членаў павінны быць жанчынамі, не менш за пяць – маладзейшымі за 30 гадоў.

Старшыня Канферэнцыі біскупаў Германіі біскуп Георг Бэтцынг заявіў, што сінадальнасць з’яўляецца вызначальнай рысай будучыні Касцёла ва ўсім свеце і ў Германіі. Два сінадальныя працэсы – рымскі і нямецкі – цяпер цесна перапляліся, і больш няма супрацьпастаўлення. Будучая Сінадальная канферэнцыя дазволіць біскупам і свецкім разам выказвацца і па сацыяльна-палітычных пытаннях. Гэта зробіць Касцёл больш бачным у грамадстве і дапаможа яму сведчыць Евангелле, - адзначыў іерарх.

Старшыня Цэнтральнага камітэта нямецкіх католікаў Ірме Штэтэр-Карп падкрэсліла, што Касцёл пакліканы абараняць дэмакратыю і чалавечую годнасць, якія сёння падвяргаюцца ціску з боку аўтакратаў і антыдэмакратычных сіл ва ўсім свеце. Імкненне да большай дэмакратыі ў Касцёле яна назвала “знакам часу” і неабходнай процівагай злоўжыванню ўладай.

Віцэ-старшыня Сінадальнай асамблеі біскуп Міхаэль Гербер адзначыў, што сучасныя выклікі аб’ядноўваюць Касцёл з шырокімі коламі грамадства, якія змагаюцца за свабодны і дэмакратычны лад. На яго думку, Касцёл павінен быць уважлівым да лёсу маладых, маргіналізаваных і параненых людзей, дапамагаючы ім стаць суб’ектамі і актыўнымі агентамі перамен.

Другі віцэ-старшыня, тэолаг Томас Зёдынг, адзначыў, што Сінадальны шлях, нягледзячы на напружанні, стаў “школай слухання”, дзе гучалі розныя думкі, крытыка, страхі і надзеі. Цяпер пачынаецца новая глава, а выніковая дэкларацыя шчыра падсумавала назапашаны досвед і акрэсліла місію Касцёла – несці надзею сучаснаму свету.

03 лютага 2026, 11:32