Германія: пачаўся беатыфікацыйны працэс ксяндза Альфрэда Дэльпа
Аляксандр Панчанка - Vatican News
Ксёндз Альфрэд Дэльп “павінен быць разам з намі” асабліва ў гэтыя часы, “калі распаўсюджваюцца этнічны нацыяналізм, нянавісць, войны і мары пра ўсемагутнасць”, - адзначыў нямецкі іерарх падчас святой Імшы на адкрыццё беатыфікацыйнага працэсу, якая прайшла ў мюнхенскім катэдральным касцёле 2 лютага 2026 года – у свята Ахвяравання Пана і 81-ю гадавіну гібелі ксяндза Дэльпа.
У гаміліі кардынал Маркс казаў пра спакусу ўлады і панавання над іншымі як няправільна зразуметую канцэпцыю свабоды. “Свабода, якая пазбаўлена любові, якая не хоча нічым ахвяраваць, не з’яўляецца сапраўднай свабодай”, - адзначыў ён, дадаючы, што шлях да свабоды пралягае праз ахвяру любові, якую паказаў сам Езус.
Па словах арцыбіскупа Мюнхенска-Фрайзінгскага, гэта добра разумеў ксёндз Альфрэд Дэльп: з Езусам побач ён мог “спакойна, пакорліва і ўдумліва” супрацьстаяць тым, хто яго пераследаваў, стаўшы “іконай ХХ стагоддзя” і паказваючы выйсце з культуры нянавісці і гвалту. Ксёндз Дэльп успрымаў сваю смерць не як пакаранне, а як ахвяру, якая здзяйсняецца па слядах Хрыста і з’яўляецца ўчынкам любові, - дадаў нямецкі іерарх, заклікаючы вернікаў маліцца аб плённасці беатыфікацыйнага працэсу, а таксама за езуітаў, касцельную супольнасць, свет і Германію.
Альфрэд Дэльп нарадзіўся ў 1907 годзе. У 1926 годзе ўступіў у Таварыства Езуса. У 1939 годзе стаў рэдактарам мюнхенскага штомесячнага езуіцкага часопіса “Stimmen der Zeit”, пазней закрытага нацыстамі.
Вясной 1942 года ўпершыню звязаўся з “Крэйзаўскім гуртком” – падпольным колам праціўнікаў гітлераўскага рэжыму, якое ўзнікла вакол графа Гельмута фон Мольтке. Быў знаёмы з палкоўнікам Клаусам фон Штаўфэнбергам, выканальнікам няўдалага замаху на Гітлера, які быў здзейснены ў ліпені 1944 года.
Праз восем дзён пасля гэтай падзеі ксёндз Дэльп быў арыштаваны гестапа сярод многіх іншых людзей, падазраваных у нелаяльнасці рэжыму. Больш за паўгода ўтрымліваўся ў турме, падвяргаўся катаванням. Пасля паказальнага судовага працэсу па абвінавачванні ў здрадзе дзяржаве ксёндз Дэльп быў асуджаны на смерць суддзёй Роландам Фрайслерам, вядомым актыўным удзелам у пераследзе праціўнікаў нацызму.
Святар быў пакараны смерцю 2 лютага 1945 года ў берлінскай турме. Яму было 37 гадоў. Свае апошнія манаскія абяцанні ксёндз Дэльп склаў са связанымі рукамі за некалькіх месяцаў да смерці падчас візіту ў турму яго сабрата, ксяндза Франца фон Татэнбаба.