Германія: “рэфарматарскі” Статут зацверджаны, слова за Рымам
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
На вясенняй пленарнай асамблеі ў Вюрцбургу Канферэнцыя Біскупаў Германіі зацвердзіла Статут будучай Сінадальнай канферэнцыі. Гэты орган задуманы як пляцоўка для сумеснай працы і прыняцця рашэнняў іерархамі і свецкімі вернікамі па ключавых пытаннях будучыні Касцёла.
Новая структура як плён дыскусійнага рэфарматарскага працэсу
Стварэнне Сінадальнай канферэнцыі стала працягам рэфарматарскага працэсу, вядомага як “Сінадальны шлях”. Аднак гэтая ініцыятыва не была адназначнай: сярод нямецкіх біскупаў існуе палярызацыя, а некаторыя іерархі нават адмовіліся ад удзелу ў праекце.
Цяпер прыняты тэкст Статута накіроўваецца ў Ватыкан для працэдуры прызнання (recognitio). Менавіта Апостальская Сталіца павінна паставіць канчатковую кропку ў гэтым пытанні, паколькі раней з Рыма неаднаразова гучала крытыка адносна магчымага абмежавання паўнамоцтваў біскупаў.
Будучыня нямецкай мадэлі залежыць ад пазіцыі Святога Пасада
Нямецкая мадэль сінадальнасці застаецца адной з самых дыскусійных тэм у каталіцкім свеце. Рашэнне Святога Пасада будзе мець важнае значэнне не толькі для Германіі, але і для ўсяго Касцёла, вызначаючы межы сумеснай адказнасці іерархіі і свецкіх.
Яшчэ ў 2019 годзе ў сваім “Лісце да пілігрымуючага Божага народа ў Германіі” Папа Францішак падкрэсліў, што любая сапраўдная рэформа павінна заставацца ў рэчышчы Евангелля і Традыцыі. Мясцовы Касцёл не мае паўнамоцтваў прымаць рашэнні, якія змяняюць веравучэнне або структуру ўсяго Каталіцкага Касцёла.
Францішак неаднаразова перасцерагаў, што сінадальнасць – гэта не парламенцкі працэс і не апытанне грамадскай думкі. У інтэрв’ю агенцтву “Associated Press” у 2023 годзе ён назваў нямецкі досвед “ідэалагічным” і “элітарным”, заўважыўшы, што ў ім удзельнічаюць пераважна інтэлектуалы і касцельная бюракратыя, а не ўвесь Божы народ. Прыярытэт павінен належаць місійнасці, бо, як трапна заўважыў Пантыфік, “у Германіі ўжо ёсць вельмі добрая пратэстанцкая Царква, і нам не патрэбна яшчэ адна”.
Святы Пасад нагадвае пра асабістую адказнасць кожнага біскупа
Асабліва вострую рэакцыю Святога Пасада, падмацаваную адпаведнымі лістамі, выклікала ідэя стварэння пастаяннай “Сінадальнай рады”. Святы Пасад нагадаў, што паводле кананічнага права біскуп нясе асабістую адказнасць за сваю дыяцэзію, і ніякі калектыўны орган, дзе свецкія мелі б роўную з іерархамі ўладу, не можа яго гэтай адказнасці пазбавіць.