Касцёл будучыні будзе “гібрыдным”: прагноз эксперта
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Прафесар Хольгер Зіверт, спецыяліст у галіне камунікацый, разбурае стэрэатыпы аб “аналагавым” Касцёле. У інтэрв’ю для нямецкага каталіцкага партала "katholisch.de" ён адзначыў, што яго даследаванне "DiRK" выявіла цікавы факт: чальцы хрысціянскіх супольнасцей у Германіі па ўзроўні лічбавізацыі апярэджваюць агульнае насельніцтва на два-тры гады. Гэта тлумачыцца высокім узроўнем адукацыі і сацыяльным статусам тых, хто застаецца ў Касцёле.
Нягледзячы на прагрэс сярод вернікаў, Зіверт у размове з "katholisch.de" заўважыў парадаксальную тэндэнцыю сярод маладых душпастыраў. Паводле яго назіранняў, маладыя людзі, якія выбіраюць святарства сёння, часта робяць гэта, каб адмежавацца ад мэйнстрыму, і таму аказваюцца менш схільнымі да лічбавых тэхналогій, чым іх 50-гадовыя калегі. Гэта можа прывесці да таго, што Касцёл стане больш кансерватыўным і менш прысутным у сетцы.
Даследчык настойвае на тым, што лічбавая камунікацыя не павінна абмяжоўвацца выключна спробамі прыцягнуць моладзь. Яна з’яўляецца неабходным інструментам для падтрымкі сувязі з усёй парафіяй.
Галоўная парада навукоўца для парафій – развіваць лакальную сеткавасць. Касцёл павінен быць актыўным там, дзе знаходзяцца людзі, а сёння гэта сацыяльныя сеткі.
Хольгер Зіверт упэўнены ў тым, што будучыня не за поўным пераходам у віртуальнасць, а за гібрыднай мадэллю, дзе лічбавая прысутнасць гарманічна дапаўняе традыцыйныя формы душпастырства.