Пасля нападу на касцёл святога Францішка ў нігерыйскім Ова. Архіўнае фота 2022 года Пасля нападу на касцёл святога Францішка ў нігерыйскім Ова. Архіўнае фота 2022 года  (ANSA)

Трагічны баланс: у 2025 годзе загінулі 19 духоўных асоб

У 2025 годзе ў свеце загінулі 19 каталіцкіх святароў, семінарыстаў і законніц. Гэта на палову больш, чым годам раней, паведамляе Папскі дабрачынны фонд "Дапамога Касцёлу ў патрэбе".

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Апублікаваныя даныя малююць трывожную карціну жыцця хрысціянскіх місіянераў у зонах канфліктаў. Акрамя забойстваў, статыстыка фіксуе 38 выпадкаў выкрадання і 28 фактаў затрымання духавенства. Гэтыя лічбы сведчаць аб тым, што насілле застаецца штодзённасцю для тых, хто нясе слова Божае ў нестабільныя рэгіёны планеты.

Геаграфія трагедый: ад афрыканскіх саван да мегаполісаў

Паводле звестак Папскага фонду, многія смяротныя выпадкі непасрэдна звязаны з узброенымі сутыкненнямі ў Нігерыі, Эфіопіі, Судане і М'янме. Аднак святары станавіліся ахвярамі нападаў і пры нявысветленых абставінах нават у краінах, якія лічацца адносна стабільнымі, такіх як Злучаныя Штаты Амерыкі, Мексіка ці Кенія.

Асаблівую занепакоенасць выклікае сітуацыя з выкраданнямі. У Нігерыі колькасць такіх злачынстваў вырасла да 24 выпадкаў, прычым двое семінарыстаў былі забіты. У Камеруне ахвярамі выкрадальнікаў сталі восем святароў, пераважна ў канфліктным паўночна-заходнім рэгіёне. Большасць з іх пасля атрымалася вызваліць.

Злачыннасць і экстрэмізм як пагроза веры

Крыніца адзначае, што за нападамі стаяць як ісламісцкія або экстрэмісцкія групоўкі, так і крымінальныя банды, якія ператварылі выкраданні дзеля выкупу ў прыбытковы бізнес. На гэтым фоне пазітыўнай тэндэнцыяй выглядае зніжэнне агульнай колькасці зняволеных святароў. Гэта стала магчымым дзякуючы вызваленню вялікай групы духоўных асоб у Нікарагуа. У той жа час вырасла колькасць затрыманых святароў у Кітаі. У Індыі зафіксаваны выпадкі часовага затрымання законніц.

Важна разумець, што афіцыйныя лічбы не ўключаюць свецкіх супрацоўнікаў і місіянераў, якія таксама штодня рызыкуюць жыццём у служэнні Касцёлу.
 

06 лютага 2026, 09:28