Аўтары заявы "Хрысціяне для Еўропы. Сіла надзеі" Аўтары заявы "Хрысціяне для Еўропы. Сіла надзеі"  (ANSA)

Старшыні епіскапатаў ЕС: адрадзіць хрысціянскае аблічча Еўропы

На фоне паглыблення глабальнай нестабільнасці старшыні чатырох буйных еўрапейскіх епіскапатаў нагадалі пра адказнасць хрысціянаў за будучыню Еўропы як супольнага дому, пакліканага быць прасторай прымірэння, свабоды і міру.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

“Мы жывём у свеце, падзеленым і палярызаваным войнамі і гвалтам. Многія нашы суайчыннікі ўстрывожаныя і дызарыентаваныя. Міжнародны парадак знаходзіцца пад пагрозай. У гэтай сітуацыі Еўропа павінна нанова адкрыць сваю душу, каб даць усяму свету свой неад’емны ўклад у падтрымку агульнага дабра”, - гаворыцца ў заяве пад назвай “Хрысціяне для Еўропы. Сіла надзеі”, якая была апублікавана 13 лютага 2026 года.

Аўтары дакумента – старшыні чатырох буйных еўрапейскіх епіскапатаў: кардынал Жан-Марк Авелін, арцыбіскуп Марселя і старшыня Канферэнцыі Біскупаў Францыі; кардынал Матэа Дзупі, арцыбіскуп Балонні і старшыня Канферэнцыі Біскупаў Італіі; біскуп Георг Бэтцынг, пастыр Лімбургскай дыяцэзіі і старшыня Канферэнцыі Біскупаў Германіі; арцыбіскуп Тадэвуш Войда, пастыр Гданьскай архідыяцэзіі і старшыня Канферэнцыі Біскупаў Польшчы.

Іерархі нагадалі, што з гістарычнага пункту гледжання пасля эліністычнай і рымскай цывілізацый адным з галоўных фундаментаў нашага кантынента стала хрысціянства, якое сфармавала “гуманістычнае, салідарнае і адкрытае на свет” аблічча Еўропы.

Біскупы заклікалі хрысціянаў працягваць рабіць свой уклад у агульнае дабро кантынента, прыводзячы ў прыклад айцоў-заснавальнікаў Еўрапейскага саюза, якія пасля трагедый і разбурэнняў Другой сусветнай вайны імкнуліся будаваць новую, прымірэную Еўропу як “супольны дом”, бастыён свабоды, роўнасці і міру.

У заяве падкрэсліваецца, што заснавальнікі праекта еўрапейскай інтэграцыі – Рабэр Шуман, Конрад Адэнаўэр і Альчыдэ Дэ Гаспэры – не былі “наіўнымі летуценнікамі”, а “архітэктарамі велічнага, хоць і далікатнага, будынка”, якія “натхняліся сваёй хрысціянскай верай”. “Паколькі яны любілі Хрыста, яны таксама любілі чалавецтва і імкнуліся аб’яднаць яго”, - напісалі старшыні епіскапатаў.

Іерархі заўважылі, што аб’яднаная Еўропа не павінна зводзіцца толькі да агульнага эканамічнага і фінансавага рынку, бо “гэта было б здрадай канцэпцыі яе заснавальнікаў”. Нагадваючы пра трагічныя наступствы росту нацыяналізму ў сярэдзіне мінулага стагоддзя, яны заклікалі пазбягаць логікі ізаляцыянізму і аддаваць перавагу “наднацыянальнаму ўрэгуляванню канфліктаў, выбіраючы адпаведныя механізмы і саюзы”.

Старшыні епіскапатаў заклікалі працягваць збліжэнне паміж краінамі Еўропы, імпульс якому дала вайна ва Украіне, а таксама адзначылі ролю Касцёла ў адраджэнні кантынента. “Яго задача адпавядае яго місіі: абвяшчаць Евангелле, і сёння, як ніколі раней, гэта значыць выходзіць насустрач людзям з іх ранамі, несучы моцную і простую прысутнасць Езуса, Яго міласэрнасць, якая дае суцяшэнне і падтрымку”, - напісалі іерархі, дадаючы, што хрысціяне пакліканыя раздзяліць з усімі жыхарамі еўрапейскага кантынента іх надзею на ўсеагульнае братэрства.
 

14 лютага 2026, 11:08