Кардынал П'ербаціста Піцабала Кардынал П'ербаціста Піцабала 

Кардынал Піцабала: жаданне міру павінна стаць культурай

Культура міру нараджаецца дзякуючы школе, сям’і, сродкам масавай інфармацыі. Яе будаванне – складаная праца, якая патрабуе часу і сіл, але яе неабходна рабіць, падкрэсліў Лацінскі Патрыярх Іерусаліма, кардынал П’ербатыста Піцабала.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

“Перашкодай для міру заўсёды з’яўляецца недальнабачная палітыка. Але ніколі нельга адмаўляцца ад працы на карысць чагосьці іншага. Нам трэба будаваць і захоўваць наша бачанне людзей, якія складаюць большасць, якія імкнуцца да мірнага і спакойнага жыцця, дзе іх правы паважаюцца, а яны паважаюць правы іншых”, - адзначыў іерарх у інтэрв’ю італьянскаму каталіцкаму выданню “Avvenire”.

Не ігнараваць боль і годнасць палестынцаў

Кардынал Піцабала падкрэсліў, што нельга будаваць будучыню ў сектары Газа, не беручы пад увагу боль, памкненні і годнасць двух мільёнаў палестынцаў, якія там пражываюць. “Там не будзе ніякіх элітных курортаў”, - сцвердзіў ён, адказваючы на пытанне адносна планаў адміністрацыі ЗША па адбудове гэтай тэрыторыі.

Вайна ў Газе не закончылася

Патрыярх расказаў, што, нягледзячы на перамір’е, у сектары Газа працягваюць гінуць людзі. “Канешне, дывановых бамбардзіровак больш няма, але ёсць кропкавыя экзэкуцыі. 96 працэнтаў населеных пунктаў ляжаць у руінах, школы закрытыя ўжо тры гады, лекаў няма, таму людзі паміраюць ад холаду, інфекцый і адсутнасці медыцынскай дапамогі”, - падзяліўся іерарх, заўважыўшы, што толькі ў каталіцкай парафіі Святой Сям’і налічваюцца дзясяткі загінулых і памерлых ад абстрэлаў, голаду і холаду.

Без даверу няма міру

Па словах іерарха, казаць пра мір у рэгіёне цяпер – практычна бессэнсоўна. “Мір патрабуе культуры, асновы, палітыкі, мінімуму даверу, у той час як давер стаў першай ахвярай гэтай вайны”, - сказаў ён.

Салідарнасць у складаным кантэксце

Кардынал Піцабала згадаў пра шматлікія праявы салідарнасці, якія атрымліваюць мясцовыя хрысціяне з усяго свету, нават ад “малых і вельмі бедных дыяцэзій”. Гэтыя жэсты падтрымкі дапамагаюць не адчуваць сябе самотнымі, нягледзячы на вялікія патрэбы і складанасць сітуацыі.

Патрыярх Іерусаліма выказаў асаблівую заклапочанасць падзеямі на Заходнім беразе ракі Ярдан, дзе ўсё ідзе ў кірунку “павольнай і прагрэсіўнай адмены правоў палестынцаў”. “На Заходнім беразе ў нас ёсць 23 парафіі, і кожны дзень мы атрымліваем просьбы аб дапамозе з прычыны жорсткага абыходжання і гвалту, але не ведаем, да каго звяртацца”, - сказаў ён.

Будаваць мір складана, але неабходна

Іерарх заўважыў, што будаванне міру – гэта доўгі і складаны працэс, які цяпер патрабуе не столькі вялікіх жэстаў, колькі падрыхтоўкі глебы, стварэння сеткі людзей, якія прагнуць міру. “Жаданне міру павінна стаць культурай, якая нараджаецца дзякуючы школе, сям’і, сродкам масавай інфармацыі. Гэта складаная праца, якая патрабуе часу і сіл, але яе неабходна рабіць”, - падкрэсліў кардынал Піцабала.
 

16 лютага 2026, 10:05