Пошук

Інданезійскія католікі на Імшы ў Папяльцовую сераду ў катэдры Джакарты. Ілюстрацыйнае фота Інданезійскія католікі на Імшы ў Папяльцовую сераду ў катэдры Джакарты. Ілюстрацыйнае фота 

Літургічны мір: аўтарытэтны кардынал заклікаў да адзінства

Нямецкі кардынал Вальтэр Брандмюлер выступіў з настойлівым заклікам спыніць “літургічныя войны” ў Касцёле, вярнуцца да аб’ектыўнасці і ўзаемнай павагі паміж прыхільнікамі розных абрадаў.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

У артыкуле, апублікаваным у блогу “Diakonos”, вядомы гісторык Касцёла і шматгадовы супрацоўнік і кіраўнік у Рымскай курыі кардынал Вальтэр Брандмюлер заклікаў да неадкладнага “перамір’я на літургічным фронце”.

На думку 97-гадовага іерарха, сучасны падзел выкліканы не самой саборнай канстытуцыяй аб літургіі, а спосабамі яе рэалізацыі на практыцы. Канфлікт падаграваецца не столькі догматамі, колькі спрэчкамі вакол літургічных традыцый і форм.

Адзіная сапраўдная “Імша ўсіх часоў” – гэта словы кансэкрацыі, а абрады вакол іх развіваліся стагоддзямі.

Кардынал Брандмюлер аднолькава крытычна ставіцца як да адвольных літургічных эксперыментаў пасля Другога Ватыканскага Сабора, так і да катэгарычнай адмовы ад любога развіцця з боку прыхільнікаў “традыцыйнай” лацінскай Імшы. Ён нагадвае, што літургічныя формы заўсёды эвалюцыянавалі як на Усходзе, так і на Захадзе, таму ніводная гістарычная форма не можа прэтэндаваць на абсалютную нязменнасць.

Іерарх падкрэслівае: паслясаборная Імша была ўведзена Папам, таму павінна прымацца з паслухмянасцю, нават калі існуе яе абгрунтаваная крытыка. У той жа час эксперыменты, якія парушаюць нормы, пагражаюць не толькі адзінству літургіі, але і самой веры.

“Складзіце зброю!” – менавіта так лаканічна кардынал акрэслівае галоўную ўмову для дыялогу паміж бакамі.

Нямецкі пурпурат заклікае “раззброіць” мову літургічных дыскусій, пазбягаць узаемных абвінавачванняў і строга прытрымлівацца ўсталяваных касцельных норм. Да таго часу, пакуль не адбудзецца магчымая “рэформа рэформы”, галоўным прыярытэтам павінна стаць захаванне адзінства праз павагу да існуючых правілаў.

97-гадовы кардынал Вальтэр Брандмюлер застаецца адным з самых аўтарытэтных галасоў у Каталіцкім Касцёле. Яго навуковы досвед як былога старшыні Папскага камітэта гістарычных навук надае асаблівую вагу гэтаму закліку да міру ўнутры каталіцкай супольнасці.
 

26 лютага 2026, 10:02