Пошук

Біскуп Пасау Штэфан Остэр Біскуп Пасау Штэфан Остэр  

Біскуп: "Сінадальны шлях" у Германіі – “самасекулярызацыя”

Біскуп Пасау Штэфан Остэр выступіў з рэзкай крытыкай вынікаў "Сінадальнага шляху", заявіўшы пра немагчымасць рэалізацыі шэрагу рэформ, якія супярэчаць вучэнню Касцёла.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Пасля завяршэння чарговых пасяджэнняў "Сінадальнага шляху" ў Германіі біскуп Штэфан Остэр катэгарычна адхіліў ключавыя патрабаванні рэфарматараў. У сваім блогу 4 лютага 2026 года іерарх падкрэсліў, што ўкараненне гэтых ініцыятыў толькі паскорыць працэс распаду Касцёла.

На яго думку, пытанні душпастырства асоб з нетрадыцыйнай сексуальнай арыентацыяй або пасвячэння жанчын у дыяканы не могуць быць вырашаны праз простыя "бласлаўленні", бо такі падыход ігнаруе глыбінныя тэалагічныя асновы стварэння.

Абарона вернасці вучэнню Касцёла

Асаблівую насцярожанасць у біскупа выклікае намер правяраць, як дыяцэзіі ўкараняюць рэформы "Сінадальнага шляху". Остэр перакананы, што такі маніторынг загадзя патрабуе прыняцця новай маралі і чалавечай прыроды, паколькі заснаваны на чаканні, што вучэнне Касцёла павінна змяніцца.

Іерарх нагадаў, што як біскуп ён урачыста абяцаў захоўваць і абвяшчаць нязменную веру, таму не можа падтрымаць крокі, якія вядуць да рэвізіі асноўных догматаў.

Рызыка палітызацыі веры

Іерарх папярэджвае, што спробы рэфарматараў усталяваць кантроль над біскупамі і святарамі ператвараюць духоўнае абнаўленне ў звычайную барацьбу за ўладу.

Паводле яго слоў, якія цытуе агенцтва "KNA", "Сінадальны шлях" з самага пачатку быў сфакусіраваны на палітычным ціску, а не на місіянерскім вучнёўстве.

Замест гэтага біскуп Остэр заклікае звярнуць увагу на прыклады духоўнага адраджэння сярод моладзі, якая шукае літургічнай прыгажосці і глыбіні, а таксама на метад "духоўных гутарка", прапанаваны Папам Францішкам, што дапамагае пазбегнуць спакусы палітызацыі, пастаяннага азірання на большасць і СМІ або ператварэння Касцёла ў парламент.
 

05 лютага 2026, 09:53