Нунцый у Германіі нагадаў біскупам пра межы абнаўлення
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
На веснавой пленарнай сесіі нямецкага епіскапату ў Вюрцбургу апостальскі нунцый выступіў з прамовай, якая, верагодна, стане яго апошнім афіцыйным зваротам да нямецкага епіскапату перад завяршэннем дыпламатычнай місіі.
У цэнтры яго разважанняў апынулася хрысціянская міласэрнасць, якая павінна вызначаць адносіны паміж усімі чальцамі Касцёла. Аднак за тэалагічнымі разважаннямі хавалася вострая аналітычная выснова: рэфарматарскія намаганні не маюць сэнсу, калі яны руйнуюць еднасць. Этэравіч падкрэсліў, што хоць Касцёл і дапускае разнастайнасць у тэалогіі ці літургічных абрадах, яна павінна заставацца ў межах “легітымнай разнастайнасці”, не правакуючы падзелаў.
Арцыбіскуп Этэравіч выкарыстаў гэты прыклад, каб паказаць: нават выкарыстанне правільных формул і шчырае жаданне змен могуць скончыцца схізмай, калі вернік не застаецца ўкаранёным у адзіным і святым Каталіцкім Касцёле. Гарантам гэтай еднасці, паводле слоў іерарха, заўсёды застаецца Біскуп Рыма.
Значная частка звароту была прысвечана новай адгартацыі Льва XIV “Dilexi te”, дзе Пантыфік разважае пра любоў да бедных. Нунцый адзначыў, што сапраўдная любоў – гэта не тэарэтычныя праекты, а канкрэтная пазіцыя вучня Хрыста.
У сучасным свеце, поўным грамадскіх і гуманітарных выклікаў, Касцёл павінен дзейнічаць як Добры Самаранін. Арцыбіскуп Этэравіч, якому ў студзені споўнілася 75 гадоў, завяршыў сваю прамову заклікам да такой любові, якая не ведае меж і не шукае ворагаў, бо менавіта ў гэтым заключаецца сапраўдная святасць і будучыня Касцёла.