Тыдзень малітваў аб еднасці хрысціян: голас хрысціян Арменіі
Ян Глінскі
Сёлета гэта будзе асаблівы Тыдзень – натхнёны адной з найстарэйшых хрысціянскіх традыцый. Як адзначана ў афіцыйных уводзінах да тыдня, матэрыялы гэтага года абапіраюцца на шматвекавыя традыцыі армянскага народа, а таксама на старажытныя гімны, некаторыя з якіх датуюцца IV стагоддзем. Такім чынам, удзельнікі экуменічнага тыдня запрошаны чэрпаць з гэтай супольнай хрысціянскай спадчыны.
Еднасць – запавет Бога
Тэма сёлетняга Тыдня малітваў аб еднасці хрысціян узятая з Паслання да Эфесцаў: “Адно цела, адзін дух. Адна надзея” (пар. Эф 4, 4). Армянскія хрысціяне падкрэсліваюць, што гэтыя словы перадаюць тэалагічную глыбіню хрысціянскай еднасці: “Еднасць – гэта боская запаведзь, якая ляжыць у аснове нашай хрысціянскай ідэнтычнасці, гэта больш, чым проста ідэал. Гэта сутнасць паклікання Царквы”.
“Еднасць – гэта не проста тэарэтычная канцэпцыя, – падкрэсліваюць аўтары матэрыялаў, – але жывая і сапраўдная рэальнасць. Чытаючы Сімвал веры, вернікі абвяшчаюць сваю веру ў адзіную, святую, каталіцкую і апостальскую Царкву”. Абавязак да еднасці знаходзіць сваё найбольш поўнае выражэнне ў эўхарыстычных сходах, калі малітвы ўзносяцца за адзінства самой Царквы. Кожную нядзелю падчас літургіі вернікі абдымаюцца і спяваюць “Царква адзіная”, што з’яўляецца адчувальным праяўленнем іх агульнай веры, надзеі і супольнай мэты.
Армянскія хрысціяне заахвочваюць увесь хрысціянскі свет прыняць Божы заклік да еднасці не як абстрактны ідэал, а як жыццёва важнае выражэнне нашай веры.
Арменія – першая хрысціянская краіна
Аўтары матэрыялаў нагадваюць, што Армянская Апостальская Царква была заснавана ў пачатку IV стагоддзя, але яе карані сягаюць апостальскай эпохі – да місіі, якую ўзначальвалі святы Юда Тадэвуш і святы Барталамей. У 301 годзе, падчас праўлення цара Тырыдата III, Арменія стала першай краінай у свеце, якая прыняла хрысціянства ў якасці дзяржаўнай рэлігіі.
Армянская Царква – увасабленне нацыянальнай і духоўнай стойкасці
Армянская Царква служыла духоўным правадніком для армян, захоўваючы армянскія традыцыі, мову і каштоўнасці, асабліва ў перыяды прыгнёту і панавання замежных імперый: арабскай, мангольскай, персідскай і асманскай, а таксама ў эпоху савецкага камунізму.
Генацыд армян
Армянскія хрысціяне памятаюць аб трагічных падзеях генацыду армян 1915 года. Царква штогод ушаноўвае памяць мучанікаў генацыду і заклікае да справядлівасці. Нават сёння Царква “застаецца крыніцай сілы і суцяшэння перад абліччам такіх выклікаў, як канфлікт у Нагорным Карабаху і высялення насельніцтва Арцаха”.