2023.05.27   tydzien belarus

Тыдзень у Беларусі – важнае

Экуменічныя набажэнствы, аплаткавыя сустрэчы, конкурс – агляд найбольш значных падзей, якія адбыліся ў Каталіцкім касцёле ў Беларусі на гэтым тыдні, падрыхтавала Беларуская рэдакцыя Vatican News. Прапануем вашай увазе самае важнае з жыцця беларускіх католікаў.

Павел Міцкевіч – спецыяльна для Vatican News

У касцёлах Беларусі прайшлі экуменічныя набажэнствы з нагоды Тыдня малітвы аб еднасці хрысціян. Асноўныя падзеі запланаваны на 24 студзеня 2026 года ў Мінску і Гродне. Увечары ў мінскім архікатэдральным касцёле адбудзецца экуменічная малітва з удзелам прадстаўнікоў розных хрысціянскіх канфесій, якую ўзначаліць Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі. У гродзенскай катэдры экуменічнае набажэнства пройдзе пад старшынствам біскупа Гродзенскага Уладзіміра Гуляя.

У Іванаве памаліліся за святароў – ахвяраў Другой сусветнай вайны. Святую Імшу 22 студзеня 2026 года ў касцёле Узвышэння Святога Крыжа ўзначаліў біскуп Пінскі Антоні Дзям’янка. Малітва ладзіцца ў гадавіну гібелі ксяндза Вітальда Івіцкага – першага рэктара Пінскай духоўнай семінарыі і Генеральнага вікарыя дыяцэзіі. Ён пайшоў на смерць замест бацькі шматдзетнай сям’і, былога начальніка пінскага чыгуначнага вузла, які перажыў жахі вайны і апісаў падзеі і сваё выратаванне. Разам са святаром 22 студзеня 1943 года ў Іванаве гітлераўцы расстралялі каля 30 прадстаўнікоў пінскай інтэлігенцыі.

У Гродне прайшла аплаткавая сустрэча працаўнікоў чыгункі. 18 студзеня 2026 года каляднае спатканне ў парафіі Найсвяцейшага Адкупіцеля адбылося з удзелам біскупа Гродзенскага Уладзіміра Гуляя. Пасля Эўхарыстыі ўдзельнікі сустрэчы падзяліліся аплаткай, а пастыр Касцёла на Гродзеншчыне падзякаваў чыгуначнікам за актыўнасць і за справу, якую яны робяць у свеце, заклікаў іх працягваць служыць людзям праз сваю працу.

У Мінску арганізавалі ініцыятыву для дзяцей і падлеткаў з абмежаваннем слыху. 17 студзеня 2026 года ў Хрысціянскім сацыяльным цэнтры адбыўся "Добры дзень з Богам" для такіх асобаў. Яго зладзілі, дзякуючы сродкам, сабраным у архікатэдральнай парафіі для правядзення мерапрыемства. Для гасцей арганізавалі забаўляльную праграму і дзяленне аплаткай.

У Віцебскай дыяцэзіі абвясцілі конкурс на веданне Святога Пісання. Катэхетычны аддзел дыяцэзіі запрасіў дзяцей і дарослых з каталіцкіх парафій усіх дыяцэзій Беларусі да ўдзелу ў VIII Дыяцэзіяльным конкурсе на веданне Святога Пісання. Удзельнікі будуць падзелены на ўзроставыя катэгорыі. Тэма біблійнага конкурсу – "Евангельскія прыпавесці". Конкурс складаецца з трох этапаў: парафіяльнага, дэканальнага і дыяцэзіяльнага. Правядзенне першага этапу запланавана на 14 сакавіка 2026 года.

Падрыхтавана паводле grodnensis.by, catholicnews.by, catholicminsk.by і ўласнай інфармацыі.
 

24 студзеня 2026, 09:10