2023.05.27   tydzien belarus

Тыдзень у Беларусі – важнае

Фестываль каляднай песні, аднаўленне касцёла ў Сапоцкіне, шлях Трох Каралёў – агляд найбольш значных падзей, якія адбыліся ў Каталіцкім касцёле ў Беларусі на гэтым тыдні, падрыхтавала Беларуская рэдакцыя Vatican News. Прапануем вашай увазе самае важнае з жыцця беларускіх католікаў.

Павел Міцкевіч – спецыяльна для Vatican News

У Гродзенскай дыяцэзіі збіраюць ахвяраванні на аднаўленне касцёла ў Сапоцкіне. З гэтай нагоды 9 студзеня 2026 года біскуп Гродзенскі Уладзімір Гуляй звярнуўся да ўсіх вернікаў дыяцэзіі. Ён пастанавіў, каб 18 студзеня ва ўсіх касцёлах і капліцах дыяцэзіі адбыўся збор ахвяраванняў на рамонт касцёла ў Сапоцкіне. Ардынарый паведаміў, што прычынай пажару ў святыні, які адбыўся 14 снежня 2025 года, стала зношаная электрычная праводка – такую выснову зрабілі службы Міністэрства па надзвычайных сітуацыях.

У Мёрах адбыўся фестываль каляднай песні. 3 студзеня 2026 года ў мясцовым доме культуры адбыўся ХХІ фестываль "Зорка Бэтлеема". Акрамя вернікаў з Мёраў у конкурснай праграме ўдзельчалі госці з Браслава, Полацка, Варапаева, Глыбокага, Пастаў і Мінска. Па выніках конкурсу журы ўзнагародзіла пераможцаў.

Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч у родным Адэльску цэлебраваў Імшу падзякі з нагоды 80-годдзя. 6 студзеня 2026 года, ва ўрачыстасць Аб’яўлення Пана, арцыбіскуп эмэрыт дзякаваў Богу за дар жыцця і паклікання ў сваёй роднай парафіі, а таксама ў гродзенскай катэдры. Іерарх выказаў падзяку ўсім, хто стаяў на шляху яго чалавечай, хрысціянскай і святарскай фармацыі, вернікам – за іх малітвы. Юбіляр папрасіў прабачэння, калі пакрыўдзіў кагосьці сваімі недахопамі, і запэўніў, што ім ніколі не кіравалі злыя намеры. Вернікі павіншавалі арцыбіскупа з пажаданнямі Божай ласкі і патрэбных дароў для спаўнення місіі, вызначанай яму Богам.

У Гомелі адзначылі юбілей сясцёр бэнэдыктынак-самарытанак. 7 студзеня 2026 года ў касцёле Нараджэння Божай Маці адбылася ўрачыстасць з нагоды 100-годдзя заснавання гэтай манаскай кангрэгацыі. Сёстры ўжо 15 гадоў нясуць служэнне ў Гомелі, асабліва дапамагаючы пры Цэнтры для дзяцей-інвалідаў. Святую Імшу ўзначаліў дапаможны біскуп Пінскай дыяцэзіі Андрэй Зноска, дзякуючы Богу за ўсю гэтую манаскую супольнасць і асабліва за служэнне сясцёр у Гомелі.

Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі сустрэўся з вернікамі з парушэннем слыху. 4 студзеня 2026 года ў архікатэдральным касцёле арцыбіскуп Юзаф Станеўскі узначаліў святую Імшу, якая была цалкам адаптавана для людзей глухіх і з парушэннем слыху. Кожная малітва, чытанне Евангелля і гамілія былі перакладзены на жэставую мову. Падчас гаміліі Мітрапаліт падкрэсліў, што "Бог гаворыць да нас не толькі праз гукі, але перш за ўсё праз любоў, якую мы адчуваем у сэрцы і бачым у вачах братоў і сясцёр". Пасля Імшы адбылася аплаткавая сустрэча арцыбіскупа з вернікамі з парушэннем слыху і валанцёрамі.

У Гродне адбыўся шлях Трох Каралёў. 6 студзеня 2026 года, ва ўрачыстасць Аб’яўлення Пана, асаблівае набажэнства правялі ў парафіі Святога Духа. У шляху Трох Каралёў, які прайшоў па вуліцах гораду, удзельнічалі дарослыя вернікі, моладзь і дзеці. Як мудрацы, кіруючыся святлом зоркі, ішлі да стаенкі ў Бэтлееме, так на сустрэчу з Езусам ішлі удзельнікі набажэнства, кіруючыся верай і надзеяй, адзначылі ў парафіі.

Падрыхтавана паводле grodnensis.by, catholicnews.by, catholicminsk.by, pinskdiocese.by і ўласнай інфармацыі.
 

10 студзеня 2026, 09:07