Шчырасць і мудрасць: Георг Генсвайн узгадаў Бэнэдыкта XVI
Аляксандр Амяльчэня – Vatican News
Доўгачасовы асабісты сакратар памерлага Папы, а цяпер нунцый у балтыйскіх краінах, арцыбіскуп Георг Генсвайн падзяліўся асабістымі ўспамінамі аб сваім шматгадовым настаўніку.
У інтэрв’ю парталу “Vatican News” іерарх назваў Бэнэдыкта XVI “красамоўным тэолагам” і “непахісным прапаведнікам веры”. Паводле яго слоў, нават праз тры гады пасля адыходу Папы ў вечнасць, яго працы застаюцца першай крыніцай, да якой ён звяртаецца пры ўзнікненні складаных тэалагічных пытанняў.
Арцыбіскуп прызнаўся, што рэгулярна чытае казанні і навуковыя працы Бэнэдыкта XVI, знаходзячы ў іх неабходныя духоўныя імпульсы для пераадолення штодзённых выклікаў. Яго здзіўляе, як тэксты, напісаныя шмат гадоў таму, дакладна адпавядаюць сучаснаму кантэксту. Гэта сведчыць аб глыбіні і прароцкасці думкі нямецкага Пантыфіка, якая выходзіць за межы часу.
Асаблівую ўвагу Генсвайн звярнуў на тое, што паміж публічным вобразам Бэнэдыкта XVI і яго прыватным жыццём не было ніякай розніцы. У штодзённасці ён быў такім жа, як і перад тысячамі вернікаў: ветлівым, прыязным, з добрым пачуццём гумару, але адначасова рашучым і лагодным. Гэтая ўнутраная гармонія і шчырасць, паводле слоў арцыбіскупа, былі падмуркам яго служэння Касцёлу.