Душпастырства ў страху: у ЗША мігрантам дазволілі не ісці ў храм
Аляксандр Амяльчэня — Vatican News
Біскуп дыяцэзіі Каламбус у амерыканскім штаце Агаё Эрл Фернандэс выдаў дэкрэт, які дазваляе вернікам без афіцыйнага статусу, а таксама тым, хто абгрунтавана баіцца пераследу, не наведваць святыні ў нядзелі і абавязковыя ўрачыстасці.
Прычынай такога кроку стала актывізацыя іміграцыйных службаў, што выклікала хвалю трывогі сярод вернікаў. Іерарх адзначыў, што дыспенсацыя будзе дзейнічаць да свята Хросту Пана, 11 студзеня 2026 года, каб абараніць сем'і ад пагрозы раз'яднання.
Малітва дома як альтэрнатыва
Паводле паведамлення “OSV News”, узмацненне жорсткасці захадаў адміністрацыі Дональда Трампа ў дачыненні да мігрантаў прывяло да таго, што многія вернікі асцерагаюцца наведваць не толькі касцёлы, але і школы ці крамы. Біскуп заклікаў тых, хто застаецца дома, далучацца да жывых трансляцый набажэнстваў, маліцца Ружанец усёй сям'ёй і здзяйсняць акты духоўнай Камуніі.
Біскуп Фернандэс заахвоціў святароў быць велікадушнымі ў душпастырскім клопаце і ўдзяляць сакрамэнты – споведзь ці намашчэнне хворых – тым, хто не можа прыйсці ў касцёл.
Прэцэдэнт у іншых дыяцэзіях
Гэтая пастанова не з'яўляецца адзінкавай у Злучаных Штатах. Раней аналагічныя рашэнні прымалі біскупы ў Каліфорніі і Тэнэсі, дзе супрацоўнікі іміграцыйнай службы праводзілі затрыманні непасрэдна на тэрыторыі парафій.
Новая палітыка ўлад адмяніла даўнія абмежаванні на арышты ў "адчувальных месцах", такіх як храмы, школы і бальніцы.
Хоць Катэхізіс Каталіцкага Касцёла абавязвае вернікаў да ўдзелу ў нядзельнай Эўхарыстыі, ён таксама прадугледжвае вызваленне ад гэтага праз сур'ёзныя прычыны. Біскуп Эрл Фернандэс палічыў рэальную пагрозу затрымання і дэпартацыі менавіта такой падставай, дзейнічаючы ў адпаведнасці з канонамі і клопатам пра бяспеку вернікаў.
Папа Леў XIV неаднаразова заклікаў да міласэрнасці і салідарнасці з тымі, хто шукае прытулку.