Тыдзень у Беларусі Тыдзень у Беларусі 

Тыдзень у Беларусі – важнае

Фестываль калядных спеваў, пераклад адгартацыі Святога Айца, свята ў Бялынічах – агляд найбольш значных падзей, якія адбыліся ў Каталіцкім касцёле ў Беларусі на гэтым тыдні, падрыхтавала Беларуская рэдакцыя Vatican News. Прапануем вашай увазе самае важнае з жыцця беларускіх католікаў.

Павел Міцкевіч – спецыяльна для Vatican News

У Іўі адбыўся фестываль калядных спеваў. Каля 300 чалавек – дзяцей і моладзі з розных беларускіх парафій – сабраў фестываль "Gloria in excelsis Deo", які прайшоў у іўеўскім Цэнтры культуры 25 студзеня 2026 года. На фестывалі прысутнічалі біскуп Гродзенскі Уладзімір Гуляй, кусташ Кустодыі Ордэна меншых братоў капуцынаў у Беларусі айцец Алег Шэнда, старшыня раённага Савету дэпутатаў. У хвіліну цішыні на канцэрце ўспомнілі спачылага ксяндза Яна Гавецкага, галоўнага натхняльніка фестывалю. Усе ўдзельнікі атрымалі падарункі, пастыр дыяцэзіі падзякаваў арганізатарам, дабрадзеям і ахвярадаўцам.

Арцыбіскуп Юзаф Станеўскі прыняў удзел у мерапрыемстве, прымеркаваным да Міжнароднага дня мірнага суіснавання. 28 студзеня 2026 года Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі ўдзельнічаў у мерапрыемстве, якое праводзілася Офісам Пастаяннага каардынатара Арганізацыі Аб’яднаных Нацый у Беларусі сумесна з Міністэрствам замежных спраў. Сустрэча аб’яднала прадстаўнікоў асноўных рэлігійных канфесій, а таксама органаў дзяржаўнай улады, дыпламатычнага корпуса, грамадскіх арганізацый, моладзі, бізнесу і сістэмы ААН. Асаблівую ўвагу ў межах мерапрыемства надалі ролі духоўных і маральных каштоўнасцяў, міжканфесійнай згоды і сацыяльнай інклюзіі як асновы мірнага і гарманічнага развіцця грамадства.

У Бялынічах адбылася ўрачыстая Імша ў 150-ю гадавіну смерці ксяндза Люцыяна Гадлеўскага. 29 студзеня 2026 года ў парафіі Маці Божай Бялыніцкай прайшла ўрачыстая святая Імша, прысвечаная юбілею смерці былога пробашча Бялыніч і апошняга пастыра перад тым, як касцёл быў адабраны ў католікаў. Эўхарыстыю ўзначаліў Генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Аляксандр Яшэўскі. Пробашч парафіі Юзаф Сярпейка падкрэсліў асаблівую важнасць гэтага дня для парафіяльнай супольнасці, нагадаўшы, што ў прысутнасці біскупа і святароў гісторыя Касцёла ў Бялынічах зноў гучыць як жывое сведчанне веры, якая перажыла часы знявагі і адрадзілася ў сэрцах вернікаў.

Выйшаў пераклад Апостальскай адгартацыі Папы Льва XIV "Dilexi te". Пераклад адгартацыі, у якой Святы Айцец піша пра любоў да бедных, здзейснены Секцыяй па перакладзе літургічных тэкстаў і афіцыйных дакументаў Касцёла Камісіі Божага Культу і Дысцыпліны Сакрамэнтаў пры біскупскай канферэнцыі. "Любоў – гэта, перш за ўсё, спосаб разумення жыцця, спосаб яго пражывання", гаворыцца ў працы Пантыфіка.

Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч назваў галоўныя выклікі для Касцёла ў Беларусі. У інтэрв'ю газеце "Слова жыцця" арцыбіскуп эмэрыт падкрэсліў, што галоўнымі праблемамі, з якімі змагаецца Касцёл у Беларусі, з’яўляюцца, найперш, крызіс веры, сям’і і жыцця, малая колькасць пакліканняў, павярхоўная і вонкавая рэлігійнасць. Таксама ён адзначыў, што сацыяльнае вучэнне Касцёла яшчэ мала вядома вернікам, а гэта неабходна для будавання цывілізацыі любові, жыцця і міру, а таксама адэкватнага адказу на актуальныя праблемы. Паводле ганаровага іерарха, неадкладным заданнем Касцёла з’яўляецца грунтоўная евангелізацыя і катэхізацыя.

Падрыхтавана паводле grodnensis.by, catholicminsk.by і ўласнай інфармацыі.

31 студзеня 2026, 07:57