Пошук

Тыдзень у Беларусі Тыдзень у Беларусі 

Тыдзень у Беларусі – важнае

Калядная канферэнцыя, фестываль, юбілей адраджэння парафіі – агляд найбольш значных падзей, якія адбыліся ў Каталіцкім касцёле ў Беларусі на гэтым тыдні, падрыхтавала Беларуская рэдакцыя Vatican News. Прапануем вашай увазе самае важнае з жыцця беларускіх католікаў.

Павел Міцкевіч – спецыяльна для Vatican News

У Мінску прайшла калядная канферэнцыя. 8 студзеня 2026 года ў Нацыянальнай бібліятэцы адбылася другая калядная канферэнцыя "Каталіцкі Касцёл у Беларусі: праз стагоддзі", арганізаваная Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіяй пры падтрымцы Апарата ўпаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцяў. У канферэнцыі ўдзельнічалі таксама прадстаўнікі Беларускай Праваслаўнай Царквы, лідары іншых канфесій, прадстаўнікі дзяржаўнай улады, прадпрыемстваў і грамадскасці. Былі зачытаныя даклады, а завяршальным момантам стала цырымонія ўручэння падзячных грамат за асабісты ўклад у станаўленне і развіццё Касцёла ў Мінска-Магілёўскай мітраполіі.

Біскуп Алег Буткевіч наведаў калядны фестываль у Верхнядзвінску. 9 студзеня 2026 года вернікі прадставілі канцэртныя нумары на фестывалі, які з'яўляецца ўнікальным, бо аб'ядноўвае тры хрысціянскія канфесіі: праваслаўных, католікаў і хрысціян Веры Евангельскай. Юныя парафіяне Верхнядзвінскага касцёла паказалі тэатралізаваную сцэнку аб Нараджэнні Хрыста. У цэнтры культуры размясцілася тэматычная выстава, на якой свае творчыя працы прадставілі мастакі і майстры народных рамёстваў, установы культуры Верхнядзвіншчыны.

Арцыбіскуп Юзаф Станеўскі ў свята Хросту Пана здзейсніў візіт у магілёўскую катэдру. 11 студзеня 2026 года Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі наведаў парафію Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Магілёве па ініцыятыве Генеральнага вікарыя архідыяцэзіі біскупа Аляксандра Яшэўскага, адказнага за Магілёўскі рэгіён. Для мясцовай супольнасці гэта стала значнай падзеяй, якая падкрэсліла адзінства пастырскага служэння і радасць сакрамэнту хросту. Арцыбіскуп даручыў прысутных заступніцтву Багародзіцы з Назарэта і "Той, што апякуецца нашым краем з Бялыніч". Вернікі падзякавалі Мітрапаліту за пастырскі клопат аб умацаванні мясцовай супольнасці.

Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч наведаў заснаваную ім гродзенскую семінарыю. 10 студзеня 2026 года арцыбіскуп эмерыт з нагоды свайго 80-годдзя ў капліцы семінарыі узначаліў цэлебрацыю святой Імшы. У гаміліі ён падкрэсліў, што святары "павінны быць будаўнікамі мастоў, а не перашкодамі на шляху сустрэчы людзей з Хрыстом". Іерарх нагадаў словы Пантыфіка, які заклікаў семінарыстаў не задавальняцца ў святарскай фармацыі мінімумам, каб быць сапраўднымі сведкамі надзеі, адзначаў, што святарства – не кар’ера і не ўцёк ад праблем, а дар свайго жыцця, заахвочваў да малітвы і жыцця ў праўдзе.

У Чашніках адзначылі 25-годдзе адраджэння парафіі. На святой Імшы 11 студзеня 2026 года, у свята Хросту Пана, біскуп Віцебскі Алег Буткевіч раздзяліў радасць святкавання мясцовай парафіі Перамянення Пана. У гаміліі ардынарый адзначыў, што "варта захоўваць памяць пра нашы карані, каб яна давала плён, каб мы разумелі, што вера – гэта фундамент жыцця чалавека, без якога няма будучыні". Іерарх падкрэсліў, што "сёння мы просім благаслаўлення для сябе, для нашых сем’яў, каб яны таксама грунтаваліся на хрысціянскім жыцці, а яшчэ – для ўсяго нашага грамадства і сучаснага свету, які патрабуе супакою, згоды і еднасці".

Падрыхтавана паводле grodnensis.by, catholicnews.by, catholicminsk.by, catholic.by і ўласнай інфармацыі.

17 студзеня 2026, 08:31