Тыдзень у Беларусі – важнае
Павел Міцкевіч – спецыяльна для Vatican News
80-годдзе арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча адзначаюць у Мінску. 3 студзеня 2026 года арцыбіскуп эмэрыт з нагоды свайго юбілею ўзначаліў цэлебрацыю святой Імшы ў архікатэдральным касцёле. Ёй папярэднічала канферэнцыя пра жыццё і дзейнасць заслужанага іерарха.
У Будславе праходзіць чацвёрты дзень Агульнабеларускай навэнны. 3 студзеня 2026 года ў Нацыянальным санктуарыі, а таксама ў парафіях Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі адбываюцца набажэнствы, праз якія Касцёл у Беларусі рыхтуецца да прысвячэння Мінска-Магілёўскай мітраполіі Найдаражэйшай Крыві Пана нашага Езуса Хрыста. Адказнымі за правядзенне чацвёртага дня навэнны ў Будславе вызначаны айцы францішкане і сёстры Місіянеркі Святой Сям’і. Вернікі моляцца ў інтэнцыі супакою ва ўсім свеце, аб міласэрнасці для ўсяго чалавецтва, аб любові да Бога і бліжніх і аб еднасці хрысціянаў.
У Баранавічах адбываецца Каляднае спатканне моладзі Пінскай дыяцэзіі. 3 студзеня 2026 года ў касцёле святога Зыгмунта маладыя вернікі рэгіёна разам перажываюць радасць Божага Нараджэння. У праграме – святая Імша і набажэнствы, а таксама святочныя віншаванні, калядны канцэрт, танцы, пачастунак.
3акрыццё Юбілейнага года адбылося ў галоўнай святыні Мінска. 30 снежня 2025 года ў архікатэдральным касцёле, які на працягу года быў адной з трох юбілейных святыняў архідыяцэзіі, адбылося ўрачыстае закрыццё Юбілейнага года. Святую Імшу з гэтай нагоды ўзначаліў Генеральны вікарый архідыяцэзіі біскуп Юрый Касабуцкі. Падчас Эўхарыстыі вернікі пачулі Пастырскае слова Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага арцыбіскупа Юзафа Станеўскага на свята Святой Сям’і.
У Віцебску прайшоў фестываль батлеек. 29 снежня 2025 года Дом культуры Віцебскай дзяржаўнай акадэміі ветэрынарнай медыцыны зноў прыняў таленавітых дзяцей і моладзь, якія паказалі гледачам сцэнкі Божага Нараджэння – з арыгінальнымі сюжэтамі, музычнымі, тэатральнымі і нават акрабатычнымі нумарамі. У сёлетнім фестывалі батлеек прынялі ўдзел 8 парафій дыяцэзіі: з Віцебску, Оршы, Глыбокага, Браслава, Докшыцаў і Наваполацку.
У Гродне ўрачыста завяршылася святкаванне 150-годдзя кангрэгацыі назарэтанак. 27 снежня 2025 года ў гродзенскай катэдры юбілей Кангрэгацыі Сясцёр Найсвяцейшай Сям’і з Назарэта сабраў на Імшы падзякі трох іерархаў. Эўхарыстыю цэлебраваў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі, таксама ў цэлебрацыі ўдзельнічалі біскуп Гродзенскі Уладзімір Гуляй, біскуп эмерыт Аляксандр Кашкевіч, сакратар Апостальскай нунцыятуры ксёндз Кшыштаф Сэрока. На Імшы маліліся за ўсіх сясцёр, якія ўтваралі супольнасць назарэтанак раней і ўтвараюць сёння, дзякавалі Богу за іх жыццё, служэнне і за ўсе атрыманыя ласкі.
Падрыхтавана паводле grodnensis.by, catholicnews.by, catholicminsk.by і ўласнай інфармацыі.