Хор і аркестр СДМ-2027 Хор і аркестр СДМ-2027 

Гармонія веры: у Сеуле стварылі хор і аркестр СДМ-2027

Арцыбіскуп Пітэр Чунг узначаліў інаўгурацыйную святую Імшу для хору і аркестра Сусветных дзён моладзі 2027 года, якія будуць суправаджаць галоўныя ўрачыстасці моладзевага форуму ў Сеуле.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

У суботу, 17 студзеня 2026 года, у капліцы “Familia” сеульскай катэдры пачаўся новы этап падрыхтоўкі да будучага моладзевага форуму. Спецыяльна створаныя хор і аркестр СДМ-2027 афіцыйна распачалі сваё служэнне падчас урачыстай літургіі, якую ўзначаліў арцыбіскуп Сеульскі Пітэр Чунг.

Як паведамляе прэс-служба Сеульскай архідыяцэзіі, гэты калектыў быў заснаваны для таго, каб садзейнічаць малітоўнаму ўдзелу пілігрымаў і дапамагчы маладым людзям з усяго свету ўзняць адзіную песню веры.

Склад удзельнікаў уражвае сваёй геаграфіяй і разнастайнасцю: у аркестр і хор увайшлі вернікі ад падлеткавага ўзросту да трыццаці гадоў, якія прыехалі з розных куткоў краіны, уключаючы востраў Чэджу і паўднёвыя правінцыі.

Звяртаючыся да музыкаў, арцыбіскуп Чунг адзначыў, што іх роля выходзіць далёка за межы выканальніцкага майстэрства. "Гэта служэнне, перш за ўсё, прапанаванае Богу і Касцёлу", - падкрэсліў іерарх, заклікаючы ўдзельнікаў разглядаць месяцы падрыхтоўкі як шлях, напоўнены ласкай.

Падчас цырымоніі маладыя людзі прынеслі абяцанне. Быў прадстаўлены дырэктар музычнай каманды ксёндз Джон Хо Ён Чой.

Хор налічвае 126 чалавек, а аркестр складаецца з 78 музыкантаў, сярод якіх не толькі выканаўцы на класічных заходніх інструментах, але і 10 майстроў традыцыйнай карэйскай музыкі. Плануецца, што склад калектыву павялічыцца да 300 чалавек пасля дадатковых праслухоўванняў.

Таксама працягваецца конкурс на афіцыйны гімн Сусветных дзён моладзі 2027 года. Пяць лепшых кампазіцый ужо адабраны для прадстаўлення ў Святы Пасад, пасля чаго будзе абвешчаны пераможца.

Такім чынам, Касцёл у Карэі спалучае сучасныя музычныя тэндэнцыі з багатай нацыянальнай спадчынай, рыхтуючы глебу для глыбокага духоўнага досведу падчас будучай сустрэчы.
 

19 студзеня 2026, 09:03