Драўляныя касцёлы для Рыма: новы падыход да архітэктуры
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Кардынал Бальдасарэ Рэйна, Генеральны вікарый Яго Святасці для Рымскай дыяцэзіі, прадставіў “Праграму новых касцёлаў”, якая прадугледжвае ўзвядзенне сучасных архітэктурных комплексаў для супольнасцей, што пакуль не маюць уласных будынкаў для малітвы і душпастырства.
Праект ахоплівае заходнія, паўднёвыя і ўсходнія сектары італьянскай сталіцы, дзе дэмаграфічнае пашырэнне патрабуе стварэння новых пунктаў духоўнай апоры для сем’яў, моладзі і студэнтаў.
Новыя святыні: сінергія літургіі, мастацтва і экалагічнай адказнасці
Асноўнымі крытэрыямі будучага будаўніцтва стануць устойлівасць, універсальнасць і пазнавальнасць. Як адзначыў кардынал Рэйна, Касцёл адмаўляецца ад выкарыстання масіўных жалезабетонных канструкцый на карысць экалагічных матэрыялаў, у прыватнасці дрэва. Гэтая тэхналогія дазваляе не толькі знізіць выдаткі на будаўніцтва і ўтрыманне, але і забяспечыць выдатную ізаляцыю і трываласць, адпавядаючы сучасным стандартам аховы навакольнага асяроддзя.
Праект з’яўляецца плёнам шматгадовага дыялогу і слухання мясцовых супольнасцей. Фінансаванне працы будзе ажыццяўляцца праз сістэму адлічэнняў ад падаткаў вернікаў і сродкі самой дыяцэзіі.
Паводле слоў прадстаўнікоў Канферэнцыі Біскупаў Італіі, мэта заключаецца ў стварэнні будынкаў, якія будуць рэальна адпавядаць патрэбам людзей, спалучаючы эканомію з эстэтычнай дасканаласцю.
Прыгажосць павінна дапамагаць разумець літургію, а мастацтва – служыць чалавеку
Конкурс на лепшыя праекты пачнецца 20 студзеня 2026 года. Кожная творчая група будзе складацца з архітэктара, літургіста і мастака, што гарантуе гарманічнае спалучэнне прасторы і сакральнага сэнсу.
Папа Леў XIV неаднаразова заклікаў Касцёл быць блізкім да людзей на ўскраінах, і гэтая ініцыятыва становіцца канкрэтным крокам да рэалізацыі яго канцэпцыі жывога і адкрытага Касцёла.