Пошук

Лацінскі Патрыярх Іерусаліма кардынал П’ербатыста Піцабала Лацінскі Патрыярх Іерусаліма кардынал П’ербатыста Піцабала   (ANSA)

Піцабала: нельга ігнараваць імкненне народаў да жыцця і справядлівасці

Кардынал П’ербатыста Піцабала лічыць, што палітычныя ўлады не могуць ігнараваць глыбокае жаданне народаў жыць годна, у міры і справядлівасці, і заклікае пілігрымаў вярнуцца ў Святую Зямлю.

Марыя Валодзіна - Vatican News

Існуе “чырвоная лінія”, якую не павінна пераходзіць ніводная палітычная ўлада, – гэта жаданне народа "жыць годным жыццём", – падкрэсліў Лацінскі Патрыярх Іерусаліма ў размове з журналісткай ватыканскіх СМІ Франчэскай Сабатынэлі. Каментуючы падаўленне пратэстаў у Іране, ён заклікаў шукаць мірныя рашэнні і не дапусціць далейшай эскалацыі, падкрэсліваючы, што імкненне да жыцця і справядлівасці з’яўляецца неад’емнай часткай чалавечай свядомасці, якую нельга ігнараваць.

Спусташэнне Газы

Іерарх распавёў пра гуманітарную сітуацыю на Блізкім Усходзе, які моцна пацярпеў ад вайны. Становішча Сектара Газа застаецца катастрафічным, там пануе поўная разруха. Нягледзячы на спыненне агню – першы этап працэсу прымірэння, прапанаваны ЗША, – абстрэлы працягваюцца, не хапае асноўных лекаў, антыбіётыкаў, людзі гінуць ад холаду і адсутнасці базавай медыцынскай дапамогі. Перспектывы для насельніцтва застаюцца вельмі нявызначанымі. Чакаецца, што ў бліжэйшы час абвесцяць пра пачатак дзейнасці “Рады міру” пад кіраўніцтвам прэзідэнта ЗША Дональда Трампа. Гэты міжнародны орган будзе сачыць за працай тэхнакратычнага ўраду ў Сектары Газа. "Будзе вельмі цяжка зразумець, што гэтая рада можа зрабіць, як яна будзе працаваць, і як усё зменіцца. Усё яшчэ вельмі няпэўна, шмат чаго трэба зрабіць, аднак ясна, што сітуацыя па-ранейшаму катастрафічная", - адзначыў кардынал Піцабала.

Наступствы канфлікту на Заходнім беразе і ў Іарданіі

У Іарданіі, куды іерарх прыбыў на сустрэчу з духавенствам Лацінскага Патрыярхату Іерусаліма, назіраецца эканамічны застой і параліч камерцыйнай дзейнасці, якія ўплываюць на жыццё мясцовых супольнасцяў. Сітуацыя на Заходнім беразе пастаянна пагаршаецца. Як і ў Ізраілі, там усё мацней паглыбляецца разрыў паміж яўрэйскай большасцю і арабскай меншасцю, пры гэтым праблема злачыннасці, хутчэй звязаная з адносінамі паміж гэтымі групамі насельніцтва, чым з эканамічнымі фактарамі. Закрытыя межы і адсутнасць дазволаў на перамяшчэнне, аказваюць вялікі ўплыў на жыццё палесцінцаў.

Зварот кардынала Піцабалы да пілігрымаў

Лацінскі Патрыярх Іерусаліма звярнуўся да пілігрымаў з заклікам вяртацца ў Святую Зямлю, у тым ліку і ў Іарданію – “найбольш спакойную, актыўную і жывую” частку дыяцэзіі. Мясцовыя католікі складаюць найбуйнейшую частку Лацінскага Патрыярхата Іерусаліма, а вернікі, асабліва моладзь, дэманструюць моцнае пачуццё прыналежнасці да хрысціянскай супольнасці, з выразнай культурай валанцёрства, даволі рэдкай для Блізкага Усходу.

Кардынал Піцабала падкрэсліў, што пілігрымкі “абсалютна бяспечныя” і важныя для падтрымкі хрысціянскіх супольнасцяў рэгіёну. Па яго словах, Святая Зямля – гэта “пятае Евангелле”, свайго роду “восьмы сакрамэнт”, таму што дазваляе фізічна перажыць сустрэчу з Езусам, дакрануцца да Яго рукой. “Чалавек можа быць хрысціянінам, і не адпраўляючыся ў Святую Зямлю, але пілігрымка туды робіць хрысціянскую веру мацнейшай і больш канкрэтнай", - адзначыў іерарх.

Зварот кардынала Піцабалы
14 студзеня 2026, 10:50