Пошук

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Адток з Касцёла: змены ў рэлігійным ландшафце Лацінскай Амерыкі

Новая справаздача “Pew Research Center” паказвае значнае скарачэнне колькасці католікаў у Лацінскай Амерыцы пры захаванні высокага ўзроўню асабістай пабожнасці людзей.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Даследчы цэнтр “Pew” апублікаваў даныя, паводле якіх за апошняе дзесяцігоддзе доля католікаў у шасці найбуйнейшых краінах Лацінскай Амерыкі знізілася на 9 працэнтаў.

Самы істотны адток зафіксаваны ў Калумбіі, Мексіцы і Бразіліі. У апошняй краіне колькасць католікаў цяпер складае 46 працэнтаў, тады як стагоддзе таму яна дасягала 95 працэнтаў.

Асноўнай прычынай змен стала павелічэнне колькасці людзей без рэлігійнай прыналежнасці, доля якіх вырасла на 7 працэнтаў.

Нягледзячы на інстытуцыйны крызіс, Лацінская Амерыка застаецца адным з самых набожных рэгіёнаў свету. Каля дзевяці з дзесяці апытаных заяўляюць пра веру ў Бога, і гэты паказчык стабільны нават сярод тых, хто не адносіць сябе ні да адной канфесіі. У Бразіліі і Калумбіі больш за палову жыхароў моляцца штодня, што значна перавышае еўрапейскія паказчыкі.

Даследчыкі адзначаюць, што пратэстанты ў рэгіёне больш дысцыплінаваныя ў наведванні набажэнстваў, у той час як католікі часцей захоўваюць народныя звычаі: носяць рэлігійныя сімвалы і вераць у духоўную моц прыроды ці дапамогу продкаў.

Справаздача “Pew Research Center” падкрэслівае, што маладыя людзі ўсё радзей ідэнтыфікуюць сябе як католікі, часцей выбіраючы статус агностыкаў ці атэістаў.

У той жа час доля пратэстантаў за апошнія гады стабілізавалася. Гэтая тэндэнцыя сведчыць аб трансфармацыі веры: яна становіцца менш калектыўнай і інстытуцыйнай, але застаецца глыбока ўкаранёнай у прыватнае жыццё і культуру лацінаамерыканцаў.
 

22 студзеня 2026, 11:49