Падчас экуменічных Нешпараў у лютэранскай Базіліцы Маці Божай у Капенгагене Падчас экуменічных Нешпараў у лютэранскай Базіліцы Маці Божай у Капенгагене  

Міласэрнасць як служэнне: кардынал Паралін у Даніі

Дзяржаўны сакратар Яго Святасці заклікаў хрысціян да супольнай адказнасці і адвагі ў дзеянні, адзначаючы ў Капенгагене 1200-годдзе пачатку місіі апостала Поўначы – святога Ансгара.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News.

Экуменічнымі Нешпарамі ў лютэранскай Базіліцы Маці Божай у Капенгагене кардынал П’етра Паралін распачаў свой двухдзённы візіт у Данію.

Гэтая малітоўная сустрэча, арганізаваная 24 студзеня 2026 года супольна Каталіцкім Касцёлам і Лютэранскай Царквой, стала сімвалам братэрства і жадання ўмацаваць хрысціянскае сведчанне ў сучасным свеце. У цэнтры ўрачыстасці – памяць пра манаха-бенедыктынца Ансгара, які ў IX стагоддзі прысвяціў жыццё евангелізацыі Скандынавіі.

Хрысціянскае сведчанне патрабуе пераходу ад слоў да канкрэтных учынкаў

Звяртаючыся да вернікаў, ватыканскі іерарх падкрэсліў, што перад тварам пакут асобных людзей і цэлых народаў абыякавасць не можа быць выбарам для верніка. Паводле яго слоў, вернасць Евангеллю патрабуе “сведчання яснага ў праўдзе, спачувальнага ў любові і адважнага ў дзеянні”. Толькі так святло Хрыста здольнае дасягнуць тых, хто сёння жыве ў цемры, страху і грамадскай ізаляцыі.

Кардынал Паралін звярнуў асаблівую ўвагу на прыроду касцельнага адзінства, якое не варта блытаць з аднастайнасцю. Ён адзначыў, што сапраўднае адзінства – гэта жывая камунія ў разнастайнасці, якая нараджаецца не чалавечымі намаганнямі, а з’яўляецца дарам Духа Святога. Нягледзячы на гістарычныя і літургічныя адрозненні, католікі і лютэране могуць прызнаваць адно аднаго членамі аднаго Цела Хрыстовага.

Ласка Божая – гэта не прывілей для выбраных, а пакліканне да працы

Разважаючы над пасланнямі апостала Паўла, Дзяржаўны сакратар растлумачыў, што кожны атрымлівае сваю “меру” ласкі не для перавагі над іншымі, а для супольнага будавання Касцёла. Гэты дар заўсёды папярэднічае чалавечым заслугам і павінен рэалізоўвацца праз служэнне.

У завяршэнне гаміліі высокі госць узгадаў словы Папы Льва XIV, які нястомна падкрэслівае, што менавіта сустрэча з Езусам застаецца галоўнай крыніцай хрысціянскага адзінства.
 

26 студзеня 2026, 09:34