Нунцый у Святой Зямлі: крытыка палітыкі – не антысемітызм
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Падчас сустрэчы з міжнароднай групай біскупаў у Лацінскім патрыярхаце Іерусаліма апостальскі нунцый арцыбіскуп Адольфа Ціта Ільяна выступіў з рашучым асуджэннем антысемітызму. "Для яго няма месца. Усе людзі паходзяць з рукі Бога і валодаюць годнасцю, якую заўсёды трэба абараняць", - адзначыў дыпламат 20 студзеня 2026 года.
Разам з тым, ён звярнуў увагу на важную дэталь: магчымасць абгрунтаванай крытыкі палітычных рашэнняў не павінна ўспрымацца як напад на народ ці нацыю. Паводле яго слоў, частае атаясамліванне палітычнай дыскусіі з варожасцю вядзе да непаразуменняў і беспадстаўных абвінавачванняў.
Хрысціянская прысутнасць – гэта заўсёды служэнне дыялогу і прымірэнню
Арцыбіскуп Ільяна, які ўжо чатыры гады нясе дыпламатычную місію ў гэтым рэгіёне, не абышоў увагай і балючую тэму праяў варожасці ў адносінах да саміх хрысціян, што стала паўсядзённасцю ў некаторых частках Іерусаліма. Аднак нунцый з аптымізмам заўважыў, што многія прадстаўнікі юдэйскай супольнасці актыўна дапамагаюць дакументаваць такія інцыдэнты. Гэтую сумесную працу адказных хрысціян і юдэяў ён назваў "важным знакам" і прыкладам сапраўднай салідарнасці.
Ва ўмовах плюралістычнага грамадства Святой Зямлі, напоўненага супярэчнасцямі, хрысціяне закліканы быць медыятарамі. Нягледзячы на тое, што яны складаюць невялікую меншасць, іх інстытуты – школы і грамадскія арганізацыі – застаюцца прасторай сустрэчы.
Ватыканскі дыпламат упэўнены, што менавіта ў гэтым заключаецца роля хрысціянскай супольнасці: будаваць масты там, дзе іншыя ўзводзяць сцены.
Салідарнасць пасля часу выпрабаванняў становіцца падмуркам для надзеі
Гэтая сустрэча адбылася ў межах 25-га Міжнароднага візіту біскупаў, які праходзіць з 17 па 21 студзеня 2026 года. Трынаццаць іерархаў з Еўропы і Паўночнай Амерыкі прыбылі ў Святую Зямлю праз тры месяцы пасля ўсталявання рэжыму спынення агню паміж Ізраілем і “Хамасам”. Тэма сёлетняга форуму – "Зямля Абяцаная: сустрэча з людзьмі надзеі".
Такія візіты, якія пачаліся яшчэ ў 1998 годзе па ініцыятыве Святога Пасада, маюць на мэце не толькі падтрымку мясцовых суполак у іх імкненні да справядлівасці, але і ўмацаванне жывой сувязі паміж Хрыстовым Касцёлам ва ўсім свеце і яго калыскай – Святой Зямлёй.