Пошук

Мадрыдская катэдра Мадрыдская катэдра 

Мадрыдская архідыяцэзія ўдакладняе статус візіту Пантыфіка

Мадрыдская архідыяцэзія выступіла з афіцыйным абвяржэннем інфармацыі аб хуткім візіце Папы Льва XIV у іспанскую сталіцу, назваўшы такія чуткі заўчаснымі і недакладнымі.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

У апошнія дні ў медыяпрасторы пачала актыўна распаўсюджвацца інфармацыя аб магчымым апостальскім падарожжы Святога Айца ў Мадрыд у летні перыяд.

У спецыяльнай ноце каталіцкая адміністрацыя іспанскай сталіцы падкрэсліла, што хоць супольнасць і жыве надзеяй на сустрэчу з Пантыфікам, распаўсюджаныя звесткі не адпавядаюць рэчаіснасці і ствараюць непатрэбную блытаніну.

Мадрыдская архідыяцэзія звяртае ўвагу на тое, што непацверджаныя даныя перашкаджаюць сур’ёзнай і канфідэнцыйнай працы, якая патрабуецца для планавання падзей такога маштабу.

Паводле заявы, працэс знаходзіцца толькі на пачатковай стадыі: у бліжэйшыя дні пачне працу спецыяльная група, якая зоймецца распрацоўкай прапаноў на дыяцэзіяльным узроўні.

Рашэнне аб канкрэтных датах і праграме мерапрыемстваў застаецца выключна за Святым Пасадам, які вызначыць графік у адпаведнасці з патрэбамі, якія ўзнікнуць у працэсе дыялогу паміж мясцовым Касцёлам і іспанскім епіскапатам.

Касцельныя ўлады Мадрыда робяць акцэнт на тым, што зараз намаганні сканцэнтраваны на ўпарадкаванай арганізацыі мясцовых ініцыятыў. Толькі пасля іх узгаднення Святы Пасад, епіскапат і зацікаўленыя дыяцэзіі змогуць дэталёва ацаніць і адаптаваць усе аспекты магчымага падарожжа.

У заключэнне ноты Архідыяцэзія заклікае не ўносіць у арганізацыйны працэс пытанні, якія не маюць да яго дачынення, каб не перашкодзіць паспяховай рэалізацыі візіту Льва XIV у будучыні.
 

20 студзеня 2026, 08:55