Касцёл Маці Божай Аравійскай у Ахмадзі (Кувейт) Касцёл Маці Божай Аравійскай у Ахмадзі (Кувейт)  (Copyright (c) 2024 demesafrankc/Shutterstock. No use without permission.)

Кувейт: кардынал Паралін надасць храму тытул Малой базілікі

Дзяржаўны сакратар накіраваўся ў Кувейт з двухдзённым афіцыйным візітам, падчас якога сустрэнецца з грамадзянскімі ўладамі краіны, наведае Вялікую мячэць і музей ісламскіх старажытнасцяў, а таксама надасць касцёлу Маці Божай Аравійскай тытул Малой базілікі.

Марыя Валодзіна - Vatican News

Як паведаміў Дзяржсакратарыят у сацыяльнай сетцы X (@TerzaLoggia), кардынал Паралін наведае Кувейт 14-16 студзеня 2026 года. Пасля візітаў ветлівасці да прадстаўнікоў грамадзянскай улады, 15 студзеня іерарх наведае Вялікую мячэць і Музей ісламскіх старажытнасцяў. Пасля гэтага ён сустрэнецца з мясцовым каталіцкім духавенствам, манахамі і манахінямі ў катэдральным касцёле Святой Сям’і.

Праграма прадугледжвае дзве Святыя Імшы: першая адбудзецца ў чацвер, 15 студзеня, у катэдры Святой Сям'і з нагоды 65-й гадавіны яе асвячэння. Другая – у пятніцу ў касцёле Маці Божай Аравійскай у Ахмадзі з нагоды надання яму тытула Малой базілікі. Касцёл стане першым каталіцкім храмам у рэгіёне Персідскага заліва, які атрымае гэты тытул.

Апостальскі вікарыят Паўночнай Аравіі ахоплівае чатыры краіны: Бахрэйн, Катар, Кувейт і Саудаўскую Аравію. Яго ўзначальвае апостальскі вікарый, біскуп Альда Бэрардзі.

Касцёл Маці Божай Аравійскай

Касцёл Маці Божай Аравійскай у Ахмадзі лічыцца “касцёлам-маці” Апостальскага вікарыяту Паўночнай Аравіі. Святыня размешчана на месцы былой электрастанцыі. У снежні 1948 года намаганнямі айцоў-кармелітаў і біскупа Убальда Тэафана Стэле будынак быў пераўтвораны ў часовую капліцу. Пазней Кувейцкая нафтавая кампанія прафінансавала будаўніцтва пастаяннага храма для духоўнай апекі мігрантаў, якія працавалі ў нафтавай прамысловасці.

У святыні захоўваецца абраз Маці Божай Аравійскай, які быў благаслаўлёны Піем XII у 1949 годзе і каранаваны Бэнэдыктам XVI у 2011 годзе. Маці Божая Аравійская з’яўляецца апякункай вікарыятаў як Паўночнай, так і Паўднёвай Аравіі. Яе свята адзначаецца ў другую Звычайную нядзелю, якая сёлета наступіць праз два дні пасля таго, як кардынал Паралін афіцыйна надасць храму новы тытул.

14 студзеня 2026, 15:23