Пошук

Іерусалім Іерусалім 

Іерусалім 2033: першы супольны Юбілей усіх хрысціянскіх Цэркваў

Леў XIV анансаваў правядзенне ў 2033 годзе Вялікага Юбілею Адкуплення, які пройдзе ў форме супольнай экуменічнай пілігрымкі ўсіх хрысціян у Іерусалім.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Праз сем гадоў Касцёл і ўвесь свет будуць адзначаць 2000-годдзе Адкуплення, здзейсненага праз Муку, смерць і Уваскрасенне Хрыста. Папа падчас свайго падарожжа ў Нікею ў лістападзе 2025 года запрасіў лідараў усіх хрысціянскіх канфесій разам прайсці шлях да гэтай фундаментальнай даты.

Упершыню ў гісторыі Юбілей набудзе такі маштабны міжканфесійны характар, скіраваны на поўнае адзінства.

Адзінства будуецца ў сумесным падарожжы да нашых агульных вытокаў

Айцец Франс Баўэн, місіянер і эксперт па экуменізме ў Святой Зямлі, у інтэрв’ю для “Vatican News” падкрэсліў, што вяртанне ў Іерусалім, да Вячэрніка, мае глыбокі прарочы сэнс. Гэта не проста юбілейная дата, а магчымасць для ўсіх хрысціян вярнуцца да супольных крыніц веры.

На яго думку, сустрэча ў Нікеі, дзе біскупы сядзелі за адным круглым сталом, паказала новы братэрскі і сінадальны стыль падрыхтоўкі, які павінен суправаджаць нас на працягу наступных сямі гадоў.

Падрыхтоўка да 2033 года павінна ўключаць шчыльнае супрацоўніцтва з Цэрквамі ў самім Іерусаліме. Ардынарыі і патрыярхі Святой Зямлі, нягледзячы на тое, што яны з’яўляюцца “малым статкам”, павінны стаць гаспадарамі, якія прымаюць пілігрымаў. Гэты працэс разглядаецца як працяг Юбілею Надзеі 2025 года, які ўжо заклаў падмурак для будучай сустрэчы.

Іерусалім 2033 – гэта перамога жыцця над смерцю ў свеце, поўным несправядлівасці

Айцец Баўэн заўважыў, што Бог не чакаў ідэальнага міру, каб паслаць свайго Сына ў свет, і сённяшнія складаныя часы не павінны быць перашкодай для святкавання.

Юбілей 2033 года закліканы стаць сведчаннем Уваскрасення – перамогі над смерцю ў самым сэрцы чалавечай гісторыі. Гэтая пілігрымка можа стаць вырашальным крокам да бачнага адзінства хрысціян, калі мы будзем крочыць разам, давяраючы кіраўніцтву Духа Святога.
 

14 студзеня 2026, 11:21