Пошук

Таварыства баландыстаў падчас нядаўняга візіту кардынала П’етра Параліна Таварыства баландыстаў падчас нядаўняга візіту кардынала П’етра Параліна 

Выданне езуітаў “Acta Sanctorum” у рэестры ЮНЕСКА

Манументальнае выданне “Acta Sanctorum” унесена ў міжнародны рэестр ЮНЕСКА “Памяць свету”. 29 студзеня 2026 года ў Брусэлі, у Каралеўскай бібліятэцы Бельгіі, адбылося ўрачыстае ўручэнне сертыфіката.

Ян Глінскі

За падрыхтоўку гэтага шматтомнага збору жыццяпісаў святых адказвае Таварыства баландыстаў, заснаванае ў XVII стагоддзі езуіцкім вучоным Жанам Баландам. У бельгійскай сталіцы дзейнасць таварыства працягваецца і сёння.

Міжнароднае прызнанне

Унясенне ў рэестр было зацверджана 17 красавіка 2025 года. ЮНЕСКА ацаніла не толькі друкаваныя тамы “Acta Sanctorum”, але таксама суправаджальную дакументацыю і архівы. Увесь комплекс уключае 67 тамоў агульным аб’ёмам 60 тысяч 490 старонак, а таксама багаты зыходны матэрыял, які сёння захоўваецца ў Бібліятэцы баландыстаў і Каралеўскай бібліятэцы Бельгіі.

“Acta Sanctorum”
“Acta Sanctorum”

Як узнікла “Acta Sanctorum”

На працягу стагоддзяў жыццяпісы святых ствараліся без належнай навуковай дакладнасці. Так, па словах дырэктара Таварыства баландыстаў айца Роберта Годынга SI, некаторыя аўтары “перапісалі жыццяпісы лепшай лацінай або выключылі пэўныя фрагменты”. Пераломным момантам стала XVII стагоддзе і ініцыятыва езуіцкага навукоўца Жана Баланда, які прапанаваў дакладную апрацоўку тэкстаў на падставе рукапісаў.

Унікальныя сведчанні і багатыя фонды

Асаблівую ўвагу ЮНЕСКА прыцягнулі крыніцазнаўчыя фонды выдання. Апошнія ўключаюць каля 300 тамоў копій XVII і XVIII стагоддзяў, заснаваных на сярэднявечных рукапісах, некаторыя з якіх ужо не існуюць, а таксама амаль 800 медзяных пласцін. Як падкрэслівае айцец Годынг, гэтыя гравюры з’яўляюцца каштоўным сведчаннем помнікаў, якія зніклі з цягам часу.

Старонка “Acta Sanctorum”
Старонка “Acta Sanctorum”

Дзякуючы працы баландыстаў былі адкрыты і апублікаваны тэксты надзвычайнага значэння, сярод якіх першая біяграфія святога Францішка Асізскага, напісаная Тамашам з Чэлана, а таксама аўтабіяграфія святога Ігнацыя Лаёлы, прысвечаная перыяду перад заснаваннем Таварыства Езуса.

Працяг місіі

Сёння ў Бруселі працуе каманда з пяці даследчыкаў, якая займаецца выданнем навуковага часопіса “Analecta Bollandiana”, развівае серыі манаграфій і вядзе дзве базы даных – лацінскіх і грэчаскіх гагіяграфічных рукапісаў. Дзякуючы дапамозе Таварыства Езуса і дабрачынцаў, без дзяржаўнай фінансавай дапамогі, баландысты працягваюць місію захавання памяці пра святых Касцёла.

Ілюстрацыя “Acta Sanctorum”
Ілюстрацыя “Acta Sanctorum”
30 студзеня 2026, 09:49