Пошук

2021.10.28 FREI JEAN TERRA SANTA

Візіт салідарнасці: біскупы з Еўропы і Амерыкі ў Іерусаліме

Трынаццаць каталіцкіх іерархаў з дзесяці краін свету наведаюць Святую Зямлю, каб падтрымаць мясцовых хрысціян і азнаёміцца з праектамі, якія спрыяюць дыялогу паміж народамі.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Дэлегацыя біскупаў з Еўропы і Паўночнай Амерыкі прыбудзе ў рэгіён у межах 25-й Міжнароднай сустрэчы біскупаў у падтрымку Святой Зямлі. Яны застануцца тут з 17 па 21 студзеня 2026 года.

Пад дэвізам “Зямля абяцаная: сустрэча з людзьмі надзеі” іерархі плануюць выказаць сваю блізкасць мясцовай супольнасці праз тры месяцы пасля ўсталявання перамір’я паміж Ізраілем і “Хамас”. Праграма візіту ўключае наведванне Іерусаліма, Бэтлеема і Тайбэ.

Арцыбіскуп Падэрборна Уда Маркус Бенц, які прадстаўляе нямецкі епіскапат, адзначыў, што штодзённае жыццё ў рэгіёне па-ранейшаму вызначаецца стратамі і глыбокай трывогай за будучыню. Паводле яго слоў, ва ўмовах хісткага зацішша надзея на сапраўднае прымірэнне застаецца цяжкадасяжнай, таму галоўная мэта візіту – супольная малітва і пошук парасткаў мірнага суіснавання.

Свет павінен убачыць намаганні тых, хто будуе мір

Міжнародная сустрэча ставіць за мэту не толькі маральную падтрымку, але і ўмацаванне сувязей Паўсюднага Касцёла з мясцовымі рэлігійнымі суполкамі. Біскупы плануюць падтрымаць тых, хто працуе дзеля справядлівасці і паразумення паміж народамі і рознымі канфесіямі, паведамляе нямецкая канферэнцыя біскупаў.

Сярод важных пунктаў візіту – дыялог з Лацінскім Патрыярхам Іерусаліма і непасрэдная размова з пробашчам парафіі Святой Сям’і ў Газе. Гэтыя сустрэчы дапамогуць іерархам лепш зразумець надзённыя патрэбы людзей, якія жывуць у атмасферы няпэўнасці, і засведчыць, што іх лёс неабыякавы сусветнай каталіцкай супольнасці.
 

13 студзеня 2026, 10:19