Нямецкі кардынал: евангелізацыя будзе прыярытэтам Льва XIV
Аляксандр Панчанка - Vatican News
“Яшчэ да яго абрання Папам я ведаў Льва XIV як мудрага, непрадузятага святара, біскупа і кардынала, які ўважліва слухаў і прымаў абдуманыя рашэнні. Нават цяпер, будучы Папам, ён спалучае духоўнае вымярэнне свайго служэння і кіраўніцтва паўсюдным Касцёлам са шчырай цікавасцю да людзей. Ініцыятывы, якія ён прапанаваў да гэтага часу, дэманструюць яго жаданне будаваць давер і прыміраць розныя пазіцыі. Евангелізацыя асабліва важная для яго – я перакананы, што гэта будзе цэнтральнай тэмай яго пантыфікату”, - адзначыў нямецкі іерарх.
Кардынал Вёлькі перакананы, што, нягледзячы на змяншэнне папулярнасці хрысціянства ў Еўропе, у людзей застаецца фундаментальная туга па любові, сэнсе і адзінстве, і яны павінны мець магчымасць знайсці адказ на гэта імкненне ў Касцёле. Іерарх падкрэсліў, што задаволіць гэта прагненне толькі словамі не атрымаецца – трэба спрыяць сустрэчы людзей з Богам, прысутным у Касцёле, у прыватнасці ў сакрамэнце Эўхарыстыі.
“Нам часта не хапае мужнасці, каб жыць гэтай верай у Божую прысутнасць і дзейнічаць пераканаўча і бачна. Евангелізацыя і перадача веры не адбываюцца самі па сабе. Наша задача – мудра выкарыстоўваць рэсурсы, давераныя нам, а таксама сучасныя веды, не губляючы з поля зроку сапраўдную мэту: зрабіць Хрыста бачным і запрасіць усіх людзей наблізіцца да Яго”, - дадаў арцыбіскуп Кёльна, нагадаўшы, што “задача кожнага пакалення – перадаваць пасланне Езуса сучасным чынам, не змяняючы яго зместу”.
Іерарх звярнуў увагу на існаванне мноства пачынанняў і ініцыятыў у Кёльнскай архідыяцэзіі, падкрэсліўшы, што большасць з іх праводзяцца на лакальным узроўні і не кіруюцца цэнтралізавана. “Мяне падбадзёрвае той факт, што ў нашай архідыяцэзіі ёсць так шмат людзей, якія маюць новы запал, энергію і творчасць і заўсёды знаходзяць новыя спосабы канкрэтнага выканання гэтай вялікай задачы евангелізацыі”, - дадаў кардынал Вёлькі.
“Я жадаю, каб у Кёльнскай архідыяцэзіі і ўсёй Германіі мы прысвяцілі ўсе сілы развіццю жывой веры і распаўсюджванню Евангелля. Мы ўсе пасланыя евангелізаваць, каб людзі маглі сустрэць Хрыста. Я спадзяюся, што ўсё больш людзей – свядома ці несвядома – адчуюць прысутнасць Бога праз Касцёл і ў Касцёле”, - падкрэсліў нямецкі іерарх.