Выстава ў Рыме: Хрыстус на палотнах Рубенса і Караваджа

Уцелаўленне, смерць і Уваскрасенне Хрыста – у цэнтры выставы, якая да 8 лютага 2026 года праходзіць у рымскім касцёле святой Агнешкі на плошчы Навона. У экспазіцыі прадстаўлены два творы Рубенса і Караваджа.

Vatican News

Выстава “Хрыстус – наш супакой” стала своеасаблівым працягам Юбілею. На ёй прадстаўлены два шэдэўры XVII стагоддзя: “Мадонна з Дзіцяткам” Пітэра Паўля Рубенса, напісаная ў 1617-1618 гадах, і адна з трох версій знакамітага твора “Нявер’е святога Тамаша”, створанага Караваджа ў супрацоўніцтве з Праспера Орсі ў 1602-1607 гадах. Першы твор захоўваецца ў прыватнай калекцыі ў Швейцарыі, другі – у прыватнай аўстрыйскай калекцыі ў Фларэнцыі.

Абедзве карціны цесна звязаныя з Рымам: Караваджа пачаў пісаць сваё палатно ў Вечным горадзе напрыканцы Юбілею 1600 года, а Рубенс распрацаваў кампазіцыю свайго твора пасля падарожжа, падчас якога ён вывучаў скульптурную спадчыну Рыма.

Палатно Рубенса “Мадонна з Дзіцяткам”
Палатно Рубенса “Мадонна з Дзіцяткам”

Карціна Караваджа апісвае момант, калі Уваскрослы Хрыстус, які ўжо з'явіўся жанчынам, Пятру, вучням і апосталам, нарэшце, з'яўляецца і апосталу Тамашу: той дакранаецца да ран Уваскрослага, пераходзячы ад нявер'я да ўпэўненасці.

У творы Рубенса Багародзіца пяшчотна трымае і прадстаўляе свету Дзіця, якое ўжо накіравана да свайго будучага лёсу Адкупіцеля. Драпіроўка нагадвае плашчаніцу ў пустой грабніцы, злучаючы радасць Божага Нараджэння з таямніцай смерці і Уваскрасення. Кальвініст па паходжанні, Рубенс стаў католікам ва ўзросце чатырнаццаці гадоў і быў вельмі адданы Маці Божай.

Выстава ўключаная ў праграму “Юбілей – гэта культура” Дыкастэрыі па евангелізацыі. Наведаць яе можна бясплатна штодзень з 9:00 да 19:00 у касцёле святой Агнешкі на плошчы Навона (Сант-Аньезе-ін-Агоне).

Выстава "Хрыстус - наш супакой" у Рыме
Выстава "Хрыстус - наш супакой" у Рыме
13 студзеня 2026, 13:36