У Рыме пачаліся курсы па найцяжэйшых парушэннях кананічнага права
Марыя Валодзіна - Vatican News
12 студзеня 2026 года ў Папскім універсітэце “Урбаніяна” ў Рыме распачаліся інтэнсіўныя навучальныя курсы, прысвечаныя так званым Delicta graviora – найцяжэйшым злачынствам, якія разглядае Дыкастэрыя веравучэння. Гаворка ідзе пра злачынствы супраць сакрамэнтаў Эўхарыстыі і пакаяння, а таксама некаторыя дысцыплінарныя парушэнні. Да іх адносяцца сатанінскія абрады, распаўсюджванне педапарнаграфічных матэрыялаў і спробы ўдзяліць святарскае пасвячэнне жанчыне.
Курсы, якія працягнуцца да чэрвеня 2026 года, маюць на мэце паглыбленае вывучэнне прававых пытанняў, звязаных з найцяжэйшымі злачынствамі. Яны адрасаваныя супрацоўнікам дыяцэзіяльных курый, касцёльных судоў, адказным у манаскіх супольнасцях і студэнтам-кананістам.
Злачынствы супраць сакрамэнтаў
Delicta graviora, згаданыя ў Кодэксе кананічнага права, – гэта найцяжэйшыя злачынствы, скіраваныя супраць важнейшых для Касцёла рэалій, пачынаючы з Эўхарыстыі, споведзі і святарства. Да іх належаць апаганьванне кансэкраваных гостый, парушэнне таямніцы споведзі, неправамернае адпушчэнне граху, якое спаведнік удзяляе свайму саўдзельніку ў парушэнні шостай запаведзі Дэкалогу. У гэтую ж катэгорыю ўваходзяць і злоўжыванні духоўных асоб у дачыненні да непаўналетніх.
Змены у прававых нормах за апошнія 25 гадоў
За апошнія 25 гадоў Касцёл істотна ўдакладніў і абнавіў прававыя нормы адносна найцяжэйшых злачынстваў. У 2001 годзе Ян Павел II сваім Motu Proprio “Sacramentorum sanctitatis tutela” даручыў разгляд гэтых спраў выключна Кангрэгацыі веравучэння (цяпер Дыкастэрыя веравучэння).
У 2010 годзе Бэнэдыкт XVI пашырыў спіс найцяжэйшых злачынстваў: да іх аднеслі таксама злачынствы супраць веры (ерась, адступніцтва і раскол); спробы святарскага пасвячэння жанчыны; праслухоўванне таямніцы споведзі іншага чалавека, яе запіс або раскрыццё; захаванне і распаўсюджванне педапарнаграфіі духоўнымі асобамі. Адначасова быў падоўжаны тэрмін даўнасці ў справах злоўжыванняў непаўналетнімі – з 10 да 20 гадоў пасля дасягнення ахвярай 18-гадовага ўзросту.
У 2021 годзе Папа Францішак абнавіў нормы адносна найцяжэйшых злачынстваў, удасканаліўшы тэксты 2001 і 2010 гадоў. Новыя нормы не пашыралі спіс злачынстваў, але ўвялі працэсуальныя змены, каб спрыяць правільнаму выкананню крымінальнага судаводства Касцёла і забяспечыць больш эфектыўнае ажыццяўленне правасуддзя.